Марыя Матысевіч, якая нарадзілася ў Мінску ў 1982 годзе, з'яўляецца адным з самых вядомых галасоў сучаснай беларускай паэзіі. Яна апублікавала некалькі кніг і атрымала шматлікія ўзнагароды, у тым ліку за сваю журналісцкую працу і пераклады з польскай, чэшскай, англійскай і ўкраінскай моў.
У сваіх лірычных творах яна неаднаразова шукае вытокі і карані сваіх суайчыннікаў у культурна-гістарычнай складанасці Беларусі, як гэта адбываецца ў яе паэме «Сарматыя».
У сваім эсэ для нашага праекта ў супрацоўніцтве з Фондам С. Фішэра (S. Fischer Stiftung) «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» яна таксама паглыбляецца ў глыбіні беларускіх загадак і расшыфроўвае іх з дапамогай паэтычна-літаратурнага даследавання праўды.
Падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал, каб не прапусціць нічога з галоўных навін і найважнейшых дыскусій, якія ідуць у Нямеччыне і ў Еўропе. Гэта па-ранейшаму бяспечна для ўсіх, у тым ліку для грамадзян Беларусі і Расіі.
«Вузел надзеі» / © Антаніна Слабодчыкава
Будучыню чалавецтва трэба шукаць у яго мінуўшчыне. Я згодная тымі, хто так кажа. І найперш я падзяляю іронію Бенедыкта Андэрсана, калі той кажа, што ледзь нейкая супольнасць уяўляе сябе нацыяй, яна — нованароджаная — тут жа пачынае адкопваць доказы свайго архаічнага паходжання. І чым архаічней гэтае паходжанне, тым больш упэўнена і шчасліва пачуваецца нацыя.
Мінуўшчына чалавецтва — гэта праекцыя яго сучаснасці. Да гэтага я дадумалася сама, і многія са мной згодныя. Тут ужо я сама іранізую з Юваля Ной Харары, калі той кажа, што чалавецтва было разумнейшым і спрытнейшым, калі ўсе былі качэўнікамі і трымаліся здаровай намадычнай дыеты. Стэйк, здабыты паляваннем, людзі прыпраўлялі карэнчыкамі, здабытымі збіральніцтвам. Чалавецтва, маўляў толькі прайграла ад таго, што асела на пятыя кропкі вакол палёў з пшаніцай.
Мой любімы інструмент з гэтай оперы — неандэртальская флейта. Костка мядзведзя з круглымі адтулінамі, знойдзеная ў Дыўе Бабе ў Славеніі. Кажуць, яе зрабілі ў палеаліце. Іншыя прымітыўныя дагістарычныя флейты навейшыя, іх выштукавалі сапіенсы. Флейта з Дыўе Бабе даводзіць: раней навукоўцы ўзводзілі паклёп на неандэртальцаў, а тыя насамрэч зналіся на ўзвышаных рэчах і мелі сваю прыгожую музыку.
Да саміх неандэртальцаў навуковыя блогеры сёння ставяцца асцярожна і пяшчотна — як да колішніх меншасцяў, вынішчаных ардой сапіенсаў. Што такое быць еўрапейцам? — адказ на гэтае пытанне, папулярнае ў мысляроў ХХ стагоддзя, у ХХІ-м гучыць так: мець 2% неандэртальскага геному ў ДНК. Як вызначыць, колькі ў табе таго геному? У ХХІ стагоддзі гэта ўвогуле не пытанне.
Зусім нядаўна генеалагічная платформа My Heritage абнавіла свае базы ДНК, чым моцна здзівіла кліентаў з Беларусі. Ва ўсіх іх зменшылася доля «усходнееўрапейскіх» генаў і вырас адсотак у графе «балты». Шмат у каго з’явіўся і новы шакуючы паказнік — «балканцы». У памяці сем’яў, як правіла, нічога аб продках з Балканаў не захавалася. Сама ж платформа дае такія абагульненыя лічбы для ДНК людзей Беларусі: 90,6% — балты; 88,7% — усходнееўрапейцы, 64,6 — балканцы, 7,2% — ашкеназскія габрэі, 5,3% — фіны.
Габрэйскія гены — гэта зусім свежанькая, ужо сераднявечная гісторыя Беларусі. Ад астатніх лічбаў мяне падкінула. Бо гэта ўсё «ўжо было ў Сімпсанах». Я ўжо чытала пра гэта ў гісторыка Міколы Ермаловіча.
Ермаловіч быў беларускім савецкім дысідэнтам, які пісаў у шуфлядку гістарычныя працы аб паходжанні нацыі і дзяржаўнасці. Поруч з Уладзімірам Караткевічам ён быў тым самым капальнікам сведчанняў нашай беларускай старажытнасці, пра якіх іранізаваў Андэрсан. Кнігі Ермаловіча з серыі «Старажытная Беларусь» выдалі, як толькі стала можна — у пачатку 1990-х. Да таго часопісы баяліся друкаваць яго гіпотэзы, якія ішлі ўразрэз з прынятым у СССР пастулатам пра ўсходнеславянскае траыдзінства Беларусі, Украіны і Расіі. Пастулатам, які з’явіўся яшчэ ў часы Расійскай імперыі, каб умацаваць яе абшары ідэалогіяй, і чамусьці дагэтуль успрымаецца ў свеце як ісціна.
Ермаловіч цалкам ігнараваў гэты штучны пастулат і ў сваіх працах вырашыў разабрацца ў паходжанні беларусаў дэталёва. У яго трактаты трэба ўчытацца, гэтак жа, як трэба ўглядзецца ў лацінаамерыканскі серыял, каб зразумець, хто каму брат, сват ці пазашлюбная ўнучка. Бо больш-менш да ІХ стагоддзя па тэрыторыі сучаснай Беларусі сюды-туды хадзілі плямёны. Хадзілі, асядалі, потым уздымаліся ды йшлі далей, выцясняючы, пасоўваючы іншыя плямёны. У асноўным хадзілі балты: літва і лотва, — ды славяне: крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Было яшчэ шмат плямён, але яны засталіся пабочнымі лініямі серыяльнага сюжэту. У падручнікі незалежнай Беларусі трапілі толькі гэтыя.
Ермаловіч аналізаваў дзве асноўныя крыніцы: дадзеныя археолагаў і назвы паселішчаў ды вадаёмаў.
Са славянамі, паводле гэтых дадзеных, пісаў Ермаловіч, адбылася дзіўная рэч. Яны спакойна «сядзелі» ў будучай Беларусі, а потым, у V стагоддзі, пасунутыя балтамі, сышлі на поўдзень: за Дунай, на Балканы. Але праз стагоддзе перадумалі і вярнуліся. Таксама шырокай паласой па Беларусі праходзілі угра-фіны…
У нейкую хвіліну мне падалося, што нейрасетка, якая аналізавала ДНК беларусаў, таксама чытала Міколу Ермаловіча.
Дзякуючы Ермаловічу я ледзь не стала гісторыкам. Я выйграла срэбны медаль на раённай алімпіядзе па гісторыі. Я не ведала, што зусім нядаўна Ермаловіч быў дысідэнтам. І пагатоў я не магла падумаць, што Ермаловіч не меў гістарычнай адукацыі. Ён быў філолагам і выкладаў беларускую літаратуру.
На раённай алімпіядзе папрасілі апісаць канцэпцыі паходжання беларусаў, а таксама прычыны Карыбскага крызісу. Пра паходжанне беларусаў я чытала толькі Ермаловіча — тады ўсе яго чыталі, пра Карыбскі крызіс глядзела дакументальны фільм. Цяпер я разумею, што медаль мне далі за літаратурныя здольнасці. У маім эсэ існаванне беларусаў як нацыі вісела на валаску — але ўсё склалася добра, адны славянскія плямёны ўчасна вярнуліся з Дуная і ў правільнай прапорцыі перамяшаліся з балтамі, іншым (крывічам) далі адлуп у Ноўгарадзе, і яны вярнуліся да Дзвіны ды заснавалі Полацк — і ў выніку беларусам усё ўдалося. Такую ж драматургію меў у маім пераказе Карыбскі крызіс. У адказ на з’яўленне амерыканскіх ракет у Турцыі савецкія авіяносцы рашуча папраставалі да Кубы: «У любы момант магла быць націснутая чырвоная кпопка…»
На гарадскім этапе алімпіяды мае эсэ яўна чыталі менш рамантычныя гісторыкі, бо пераказ кніг Ермаловіча не меў плёну.
Я глядзела на расшыфроўкі ДНК беларускіх блогераў і маіх сяброў у фэйсбуку і не верыла вачам. Вось вам, скептыкі! Мікола Ермаловіч меў рацыю. Генетыкі пацвярджаюць гэта.
Мая эйфарыя доўжылася да дня, калі іншая генетычная лабараторыя — Colossal Biosciences — абвесціла пра ўваскрашэнне архаічнага лютаваўка (Aenocyon dirus). Вучоныя ўзялі геном даўно вымерлага віду і ўзнавілі яго на аснове ваўка сучаснага.
Навуковыя блогеры тут жа растлумачылі, што лабараторыі вялося не пра гістарычную дакладнасць. Яны дбалі не пра навуку, а пра карцінку. Генетыкі імкнуліся зрабіць так, каб новаствораныя звяры максімальна паходзілі на істот, паказаных у серыяле «Гульня тронаў».
І тут я з новай сілай стала падазраваць, што My Heritage перапрацаваў «Старажытную Беларусь» Міколы Ермаловіча. Я тут жа перачытала старонкі пра этнагенез і з жахам пабачыла, што Ермаловіч пісаў і пра ваўкоў! Некаторыя плямёны нашых продкаў мелі назву ваўкі або люцічы. Вядома ж, у кнізе прысутнічала знакамітая цытата з Герадота пра тое, што на нашых землях некалі жылі неўры, якія «на некалькі дзён штогод ператвараліся ў ваўкоў».
Хоць гэта каштуе нятанна, сёння можна праверыць свой ДНК на геном неандэртальца. Вызначыць адсотак балканска-балцкіх генаў у роднай спіральцы дык зусім проста. Да таго ж, разам з абнаўленнем базы на сайце My Heritage пачаліся зніжкі. Цікава, праз колькі гадоў і за якія грошы можна будзе праверыць, колькі ў табе ваўчыных генаў? Колькі часу зойме ў навукоўцаў прасачыць наша паходжанне ад рыбы?
У канцы 1980-х маладыя беларусы пагалоўна хацелі стаць гісторыкамі. У пачатку 2020-х маладыя беларусы пагалоўна паступаюць на біяхімію.
У мяне няма профіля на My Heritage або на падобным рэсурсе. Нават цяпер, калі зніжкі. Генетычныя лабараторыі не дасылаюць свае пакеты ў Беларусь. З беларускай карткі нельга аплаціць іх паслугі. Я не ведаю, ці сапраўды ў нас агульны пра-прадзед з Патрыцыяй з Беластоку, кім мне даводзіцца Павел з Вены, чый дзед нарадзіўся цераз лес ад майго. Мы знайшліся ў інтэрнэце па прозвішчах. Для мяне пакуль таямніца, чаму вясковая мянушка адных маіх продкаў была Туркі, і ці не таму ў мяне цёмныя вочы і валасы. Я баюся не паспець даехаць у вёску на мяжы з Расіяй і павадзіць палачкай за шчакой у таго сваяка, чый біяматэрыял раскажа нам, ці сапраўды адзін з нашых продкаў прыйшоў сюды з Прусіі. І калі так, то адкуль менавіта? У якім порце на Балтыйскім моры знойдзецца той далёкі дзядзька, які не адкрые мне свой радавод у генетычнай сацсетцы, бо я «камуністка», або «руская», або іншыя стэрэатыпы сучаснасці закрыюць мне доступ да мінуўшчыны і, як вынік, да будучыні? Беларусы, якія праверылі свой ДНК, расказваюць і пра такія выпадкі.
Калісьці ў школе я расказала сямейную легенду пра Туркаў на традыцыйным уроку «Адкуль наш род». Настаўніца рассмяялася і сказала, што я гэту гісторыю запазычыла. Неўзабаве я даведалася, што з такой легенды пачынаецца «Ціхі Дон» Міхаіла Шолахава.
Таму аднойчы я зраблю гэты тэст. Мне трэба, каб усе сямейныя гісторыі увасобіліся ў лічбы.
Я думаю, што масавае тэставанне ДНК неўзабаве зменіць сусветныя ідэнтычнасці. Прынамсі, жыццялад яно мяняе ужо сёння. Сябры ў фэйсбуку вырашаюць вучыць фінскую мову або едуць на вакацыі ў Любляну, таму што пабачылі свае карані на My Heritage.
Наша мінуўшчына — гэта сучасная праекцыя на «Нэтфліксе» ці «Ютубе». Я спатыкаюся аб дзеяслоў «ішлі» ў Ермаловіча. Ён ужывае яго, бо так было ў летапісца з «Аповесці мінулых гадоў». Славене «прыйшлі і селі». Крывічы «прыйшлі і селі». Наколькі «прыйшлі» — метафара? Ці хадзілі яны, як у маракоў ходзяць, а не плывуць караблі, а ў дальнабойнікаў ходзяць, а не ездзяць фуры? Уваччу стаіць шэсце габрэяў па пустэльні, бо Біблія шматкроць экранізавалася. А як ішлі славяне? Кола было вынайдзенае даўным-даўно. Ці ехалі яны на вазах? Або на вазах везлі дабро, а самі шлі побач? Даведзена, што яны перамяшчаліся ўздоўж рэк. Ці плылі яны на плытах? Ладдзях? Ці цягнулі, як бурлакі па Волзе на карціне Іллі Рэпіна, — ладдзю волакам? Ермаловіч пра гэта не піша, а іншых я не чытала.
Ці шлі яны натоўпам, або парамі, сем’ямі? Напрыклад, дзяўчына і хлопец жаніліся, падымаліся ўдваіх вышэй па рацэ, будавалі дом, нараджалі дзяцей, а потым вярталіся і забіралі бацькоў? Ці былі ў плямён выведнікі, паслы? Як менавіта адно племя выцясняла іншае? Ішлі плямёны ў паходным адзенні або мелі на сабе парадныя фібулы, паясы, колцы і падвескі ў форме качак, якія археолагі знаходзілі ў курганах? Каб сустрэтыя чужакі па гэтых прыкметах вызначылі іх паходжанне?
Не, тэсты ДНК не змогуць адказаць на ўсе мае пытанні. Гэта пад сілу хіба вугляродным тэстам.
Магчыма, тыя, хто хацеў бы ведаць, як я бачу будучыню Беларусі, чакаюць ад мяне іншай оптыкі — больш актуальных прагнозаў, свежых навін, жывапісання настрояў унутры Беларусі. Магчыма, варта было б патлумачыць, што Русь і Расія — гэта рознае. Сказаць, што я думаю пра перспектывы Беларусі на мапе свету. Будзе мір ці вайна? Свабода ці дыктатура? Жанчыне ці мужчыну варта ачольваць краіну? Колькі людзей сёння размаўляе па-беларуску? Але, напэўна, я для гэтага нязручная аўтарка. Я думаю, Ермаловіч падабаецца мне, бо я таксама — такая зацятая капачка даўніны, з якіх кпіць Андэрсан.
Адна з важных навін мінулага года ў Беларусі — раскопкі на гарадзішчы Стары Менск, калі археолагі выявілі зрубы з дубоў ІХ стагоддзя. І тыя, хто цяпер ва ўладзе і забяспечвае рэпрэсіі, і тыя, каго рэпрэсуюць, сыходзяцца ў эмоцыях: мы — даўнія, старажытныя, у нас вунь калі была сталіца, якая гандлявала, ваявала, гуляла ў касцяныя шахматы. Шахматная фігурка з раскопак дэманструецца ў вітрыне, копію можна купіць у гіфтшопе. Гэтак жа ў Нацыянальным музеі Любляны беларусы, якія прыехалі адчуць свае балканскія карані, могуць пабачыць неандэртальскую флейту і купіць копію ў сувенірнай краме.
My Heritage — ізраільскі сайт, таму ў абноўленай базе — 15 этнічных груп габрэяў. Генетычныя платформы часта спецыялізуюцца на тых, хто з’ехаў з Еўропы ў Ізраіль і ЗША і плаціць, каб шукаць шляхі продкаў праз кантыненты. Беларусы — даволі нечаканы кліент нат гэтым рынку, на якога наўрад арыентуюцца. Беларусы прывязаныя да канкрэтнага абшару на мапе. Мне цяжка ўявіць, што гэта зменіцца ад змены ўлады ці нават ад страты незалежнасці. Бо гэтыя абрысы акрэслілі навукоўцы: лінгвісты, этнографы, публіцысты. А цяпер яшчэ і біяхімікі.
Мікола Ермаловіч, як і навуковец ХІХ стагоддзя Яўхім Карскі ў сваім трактаце «Беларусы», пачынае размову пра этнас з топасу. Беларусь — гэта гістарычная адметнасць, якая пачалася з адметнасці геаграфічнай. Беларусы сёння — тыя, чые продкі «прыйшлі і селі» у лясы, ля вытокаў рэк. Беларусь там — дзе лясы, а межы яе з усіх бакоў акрэсленыя балотамі. Карскі нават піша, што вялікія перасяленні народаў у Расійскай імперыі не змянілі гэтай звычкі. Беларусаў пазнавалі па тым, што нават у стэпавых краях яны знаходзілі дрэвы і між імі сяліліся. Таму і атрымалі назву ад суседзяў — палешукі. Гэта людзі, для якіх адкрытыя мясцовасці азначаюуць небяспеку. Лясны скайлайн дае ім пачуццё абароненасці.
Кожная сучаснасць мае сваю версію мінуўшчыны. У ХХ стагоддзі гісторыкі і ідэолагі тлумачылі назву «Белая Русь» тым, што нашы землі не захапілі татары, і валасы ў людзей засталіся белыя, як лён, а рэлігія — хрысціянскай. Як па мне, досыць еўгенічная інтэрпрэтацыя. Сённяшнія гісторыкі вярнуліся да геаграфічнай тэорыі Карскага. «Белы» ў індаеўрапейскай карціне свету азначаў «верх». Белая Русь — частка тэрыторыі Русі вышэй па плыні рэк. Дзвіна, Дняпро, Нёман і Волга — пачаткамі гэтых рэк Карскі акрэслівае прарадзіму крывічоў, якіх у Расійскай імперыі сталі называць беларусамі.
Вось я і дакапалася да гэтай думкі. Чым больш дрэваў абапал рэк і азёр — тым больш Беларусі.
У мяне няма профіля на My Heritage, але я частка беларускага генетычнага ланцужка. Аднойчы я вывозіла ў Вільню тэсты ДНК, якія зрабілі сваякі сяброўкі ў Полацку. Сяброўка неўязная ў Беларусь праз пагрозу турмы. Тэст мне пераслалі з Полацку поштай. Скрынка з біяматэрыялам была надзейна прыматаная да пакунка з сушанай рыбай. Праз такія гасцінцы сям’я дачыняецца праз межы. «Тэст я з пошты забрала, — пішу сяброўцы, але, магчыма, ён пакажа, што твае полацкія продкі былі іхціяндрамі».
І, магчыма, гэта будзе вельмі дакладны вынік.
Менск, красавік 2025
Тэкст: Марыя Матысевіч
Апублікаваны: 10.07.2025