Гноза (Что это такое?)

Мойшэ Кульбак — голас з Беларусі, які размаўляе са светам на ідышы

Мойшэ Кульбак / Фота © Нацыянальная бібліятэка Ізраіля 

«Быў чалавек у краіне Райсн…» Так па-біблійнаму эпічна пачынаецца адзін незвычайны кароткі ​раман1. 

Што такое Райсн? Здавалася б, адказ вельмі просты: Райсн — гэта старая традыцыйная ідышская назва Беларусі. Але ўсё ня так проста. У яўрэйскай мэнтальнай геаграфіі межы Райсн і Беларусі нібыта і супадаюць. Прычым мы тут гаворым менавіта пра Беларусь, бо хоць этымалягічна Райсн (ням. Reußen) адсылае нас да гістарычнай Русі, тая Русь была значна шырэйшая і ўключала ў сябе значную частку сёньняшняй Украіны, аднак на тую ўкраінскую Русь тэрмін Райсн ніколі не пашыраўся. Прычым паралелізм Райсн і Беларусі захоўваўся і тады, калі межы Беларусі з часам пасоўваліся на захад ці на ўсход — Райсн рухалася сынхронна. І аднак, Райсн — гэта не Беларусь. Гэта краіна, якая існавала ў паралельнай яўрэйскай рэальнасьці, і гэты паралельны сусьвет стагодзьдзямі існаваў асобна.  

Быў чалавек у краіне Райсн. І звалі яго Мойшэ Кульбак. 


Мойшэ Кульбак нарадзіўся ў 1896 годзе ў Смаргоні, у краі паміж Менскам і Вільняй, паміж Беларусьсю і Літвой, паміж Райсн і Літэ. Бацька Кульбака займаўся лясным бізнэсам, што азначала блізкі кантакт з прыродай, лесам. Маці паходзіла зь яўрэйскай сельскагаспадарчай калёніі — гэта былі рэшткі расейскага эканамічнага экспэрымэнту сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, звычайна лічыцца, што яўрэяў-сялянаў на нашых землях не было — дык вось былі. Матчына вёска была на ўскраіне Смаргоні, таму, магчыма, малы Мэйшка бавіў там нямала часу і добра сабе ўяўляў сялянскую працу, побыт і звычаі. Бясспрэчна, у паэме «Райсн» знайшоў выяўленьне жыцьцёвы досьвед сялянскай часткі ягонай сям’і. Краіна ў паэме — ідылічная ўтопія, дзе пануе адвечны лад, цяжкая але надзвычай эстэтызаваная аўтарам праца, прыгажосьць прыроды і каханьне. 

Мой дзед з Кабыльніка быў чалавек тутэйшы,
Зь сякерай і канём мужык у кажусе,
Маіх дзядзькоў шаснаццаць і мой тата –
Тутэйшыя, як соль зямлі, усе
Плыты па рэках гоняць, дровы цягнуць,
У поце робячы, што лёс дае скупы,
Вячэру даядаюць з адной місы
І падаюць у ложкі, як снапы. 

(пераклад зь ідышу Андрэя Хадановіча)

Яшчэ ў Смаргоні Кульбак скончыў традыцыйны хэдэр, а таксама рэфармаваны хэдэр, і ў маладым узросьце выехаў з дому па далейшую навуку. Мы ведаем, што ён вучыўся ў яшывах Валожыну і Сьвянцян — але ня ведаем ніякіх дэталяў, як і тое — як і калі ён трапіў у Коўна, дзе яго, 18-гадовага хлопца зь немалымі творчымі амбіцыямі, засьпела Першая сусьветная вайна. У Смаргонь паэт ужо ніколі не вярнуўся. У 1915 годзе перад наступам нямецкіх войскаў расейскія ўлады гвалтоўна выселілі з прыфрантавых тэрыторыяў яўрэйскае насельніцтва, падазраючы яго ў сымпатыях да немцаў. Сям’я Кульбака перабралася ў Менск.

Коўна было першым вялікім горадам Кульбака. І ў гэтым горадзе ён пачаў пісаць. Спачатку на іўрыце, пасьля на ідышы. Захавалася зь дзясятак раньніх вершаў, якія ён пасьля не наважыўся ўключыць у ніводзін зборнік. Мабыць, таму, што малады паэт вельмі рана зразумеў, што яго творчая стыхія — жывая мова, ідыш, у якім ён нарадзіўся і які ён адчуваў ва ўсім яго багацьці. У Коўне, відавочна, быў напісаны і першы публікаваны верш, які выйшаў у адным віленскім літаратурным альманаху ў 1916 годзе — «Зорачка», які стаўся неўзабаве народнай песьняй.

Бурлівыя расейскія падзеі 1917 году Кульбак пражывае ў акупаваным немцамі Коўне, аднак як толькі ў лютым 1918-га нямецкае войска займае Беларусь, Кульбак перабіраецца ў Менск, да сваіх родных. У Менску Кульбак настаўнічае, піша ў бундаўскую газэту «Дэр вэкер» і займаецца паэтычнай творчасьцю. Там ён стварае свой першы паэтычны шэдэўр — паэму «Горад». Без сумневу апісаны ў паэме імагінарны горад мае сваім прататыпам Менск, дзе аўтар прабыў да канца нямецкай акупацыі, быў сьведкам прыходу бальшавікоў у сьнежні 1918 году і пражыў пад новай уладай некалькі месяцаў. Энтузіязм, трывога і страх — прысутныя і ў паэме, дзе паэт пачынае свой кантакт з рэвалюцыйнай стыхіяй алегорыямі званоў і «бронзавых хлопцаў», а пасьля акунаецца ў сумневы і ўрэшце канчае паэму апакаліптычным вобразам вестуна сьмерці — «чырвонага вершніка»:

Крычыць палымяны вір распаленых гарадоў,
тры духі чырвона і жалезна скачуць па дарогах,
праз дым і дым, шэрасьць фабрык і тэлеграфныя драты
і дзіка зьдзічэлыя б’юцца:

Чалавек-полымя, Уладар гораду і Сатана —
…

Пустынны холад!

Я ганебна ўцякаю, паралізаваны і змораны боем, адзін…

Чырвоны час!
Скача спадарожнік сьмерці, чырвоны вершнік!

(пераклад зь ідышу Сяргея Шупы) 

Кульбак пакідае Менск і — пры няясных абставінах — да канца траўня апынаецца ў занятай палякамі Вільні. Там ён працягвае пісаць вершы і літаратурную крытыку. У 1920 годзе выходзіць яго першы паэтычны зборнік — «Вершы», куды ўвайшлі творы, напісаныя ў Коўне, Менску і Вільні. У самой Вільні тым часам сытуацыя заставалася неспакойная, горад апынуўся на скрыжаваньні геапалітычных вятроў, польская акупацыя, якая ў красавіку 1919-га адзначылася вялікім пагромам, скончылася летам 1920-га, калі горад занялі бальшавікі, а 1 верасьня бальшавікі перадалі Вільню незалежнай Літве.

У верасьні 1920-га, перажыўшы за два гады пяць розных уладаў, Кульбак едзе ў Бэрлін. У сталіцы Ваймарскай рэспублікі — на пачатку 1920-х сапраўднай культурнай сталіцы Эўропы, куды ад нягодаў вайны ўцякло нямала ўсходнеэўрапейскіх інтэлектуалаў і літаратараў — наш паэт плянаваў вучыцца, але на гэта ў яго не хапала сродкаў, і ён зарабляў на жыцьцё, працуючы суфлёрам у славутай Віленскай трупе, а таксама ганарарамі зь літаратурных публікацый. Яскравыя экпсрэсіянісцкія карцінкі з бэрлінскага жыцьця мы ўбачым у Кульбакавай квазі-аўтабіяграфічнай паэме «Дзісенскі Чайлд-Гарольд», якая выйдзе праз дзесяць гадоў ужо ў савецкім Менску. У Бэрліне Кульбак напісаў і сваю першую празаічную кнігу — раман-містэрыю «Мэсія з роду Эфраіма», якая выйшла там ужо пасьля яго ад’езду. Нягледзячы на неспрыяльныя жыцьцёвыя абставіны, у Бэрліне Кульбак значна вырас як творца. Часты наведнік «Romanisches Café», цэнтру гравітацыі культурнага жыцьця, месца сустрэчаў пісьменьнікаў, мастакоў, актораў, журналістаў, Кульбак належаў да кола паэткі Эльзы Ласкер-Шылер, кантактаваў зь вядучымі творчымі асобамі, якія ў той час лёс закінуў у Бэрлін.

З пісьменьнікамі і літаратурнымі крытыкамі ў Вільні ў 1928 годзе (зьлева направа): Залман Рэйзэн, Макс Эрык, Ёзэф Апатошу і Мойшэ Кульбак / Фота © YIVO Інстытут яўрэйскіх дасьледаваньняў  

Вяртаньне ў Вільню і ў Менск і забойства   

У траўні 1923 году Мойшэ Кульбак вяртаецца — праз Варшаву — у Вільню. У верасьні ён жэніцца зь вільнянкай Жэняй Эткінай, і ў яго жыцьці нарэшце наступае сякая-такая стабільнасьць. У Вільні Кульбак выкладае літаратуру ў дзьвюх гімназіях і настаўніцкай сэмінарыі, вядзе там тэатральны гурток. Пяць гадоў у Вільні ўяўляюць сабою жыцьцёвую і творчую кульмінацыю Мойшэ Кульбака.

Разам з тым умовы жыцьця і творчасьці ў Вільні былі далёкія ад спрыяльных. Ён так і ня здолеў фармалізаваць працэс атрыманьня грамадзянства, а таму меў у Польскай дзяржаве абмежаваныя правы: ня мог мець дастаткова выкладчыцкіх гадзін у гімназіях і сэмінарыі, каб пракарміць сям’ю. У такіх умовах у Мойшэ Кульбака ўзьнікла рашэньне пакінуць Польшчу і перабрацца ў савецкі Менск. Яшчэ і дагэтуль у розных дасьледаваньнях можна сустрэць цьверджаньне, што Кульбак быў сымпатызантам савецкага ладу або што паехаў у СССР, падмануты прапагандай аб сацыяльным раі, роўнасьці, справядлівасьці. Гэта было б занадта простае тлумачэньне ягонага рашэньня і тлумачэньне памылковае.

Які ў 1928 годзе быў выбар для яўрэйскага паэта, які хацеў пакінуць Польшчу? У 1926 годзе іншы ідышскі літаратар Довід Бэргельсон прысьвяціў гэтай тэме свой артыкул «Тры цэнтры», дзе якраз параўноўваў варыянты такога выбару — ён пісаў пра Польшчу, ЗША і СССР. Вось жа, пакідаючы Польшчу, застаюцца два кірункі.

У ЗША яўрэйскі пісьменьнік бясспрэчна пражыве, там у тыя часы яўрэйскае культурнае і літаратурнае жыцьцё перажывала небывалы ўздым. Аднак пісьменьнік там ня зможа жыць з свае творчасьці, ён будзе вымушаны працаваць на фабрыцы, у рамесьніцкай майстэрні, у страхавой канторы, а літаратурай займацца толькі як хобі.

Затое ў СССР — пры ўсіх зразумелых засьцярогах — перад разьвіцьцём ідышскай культуры і літаратуры адкрытыя ўсе дарогі, хоць і з істотнымі ідэалягічнымі абмежаваньнямі. Жыве там і масавы чытач ідышскай літаратуры. Вось жа пісьменьнік, не пераступаючы ідэалягічных рамак, можа цалкам існаваць у сваім статусе і з гэтага жыць.

Кульбак гаварыў пра матывы свайго рашэньня зь сябрамі, з вучнямі. Тлумачачы ім прычыны, ён найперш казаў, што хоча скінуць зь сябе цяжкае ярмо настаўніцтва і займацца літаратурнай творчасьцю, на што ў Польшчы ён ня мае патрэбных умоваў. Ён прызнаваўся, што «безыдэйнасьць яўрэйскага літаратурнага жыцьця ў Польшчы» дзейнічае на яго згубна. 

Другі важны момант, які паўплываў на выбар: у Менску жыла Кульбакава сям’я: бацькі, браты і сястра. І апошнія важныя словы, якія ён сказаў сваім вучням: «Адну рэч я абяцаю вам: я ня лягу сам на лаву, каб мяне лупцавалі за мае буржуазныя грахі»2. На момант пераезду ў Менск у 1928 годзе Мойшэ Кульбак быў найярчэйшай віленскай літаратурнай зоркай, на разьвітальны вечар у Народны тэатар на вуліцы Людвісарскай прыйшло столькі людзей, што ня ўсе здолелі ўвайсьці ў будынак, і наводзіць парадак перад тэатрам давялося коннай паліцыі…

dekoder

Друкуйце, канібалы!

Беларускі пісьменнік Зміцер Вішнёў, змагар культурнага супраціву за мову і ідэнтычнасць, у сваім эсэ для нашага праекта «Беларусь — зазіраючы ў будучыню» паказвае, якой магутнай сілай можа быць мастацтва ў супрацьстаянні аўтарытарнаму мысленню.

Культура и обсуждения Текст:

19 кастрычніка 1928 году Кульбак сядае ў цягнік і едзе ў Менск. (Пакуль што адзін — жонка з сынам прыедуць праз паўгода.) Горад сустракае яго непрыветна: напярэдадні, пасьля сухой непрацяглай восені, там выпаў першы сьнег. І… прыезд гэты застаецца амаль незаўважаны. У параўнаньні з цэлымі палосамі віленскіх газэтаў, прысьвечанымі разьвітаньнем з улюбёным паэтам, сьціплыя нататкі з трох радкоў у газэтах менскіх выглядаюць вельмі кантрастна і красамоўна. Менскі літаратурны сьвет сустрэў Кульбака насьцярожана. Сярод «пралетарскіх пісьменьнікаў» Кульбаку, натуральна, месца не знайшлося, ён трапіў у катэгорыю «спадарожнікаў» — літаратараў, якія не былі ворагамі савецкай улады, але фармальна не былі зь ёй зьвязаныя.

Мойшэ Кульбак зь жонкай Зэльдай, у дзявоцтве Эткін. Менск, сярэдзіна 1930-х гадоў / Фота © Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва   

Кульбаку не спатрэбілася шмат часу, каб цьвяроза ацаніць сытуацыю. Ужо празь некалькі тыдняў пасьля прыезду ў Менск ён піша віленскім сябрам: «Скажыце мне: На здароўе! Вяртаюся з лазьні. Тут трэба добра мыцца і чысьціцца, калі ня хочаш ісьці па ўзбочыне жыцьця»3.  

Ад грамадзка-палітычных праблемаў Кульбак уцёк у творчасьць. Выпадкова ці не, але зь пераездам у Менск Кульбак амаль зусім перастаў пісаць паэзію. Пасьля 1928 года выйшлі друкам усяго чатыры новыя вершы. Галоўным творам менскага пэрыяду Кульбака стаў раман «Zelmenjaner» («Зэлмэняне»), які друкаваўся ва ўрыўках у літаратурным часопісе «Штэрн», а пасьля выйшаў асобным выданьнем — першы том у 1931-м, другі — у 1935 годзе. 

Твор відавочна быў «сацыяльнай замовай» — паказаць на прыкладзе вялікай яўрэйскай сям’і адміраньне старога, традыцыйнага ладу жыцьця і нараджэньне новага, сацыялістычнага. У выніку выйшла так, што і старое аўтар апісвае зь цеплынёй і сымпатыяй, і да новага ставіцца іранічна, што выклікала хвалю афіцыйнай крытыкі.  

За дзевяць гадоў, пражытых у Савецкім Саюзе, Мойшэ Кульбак так і ня стаў савецкім пісьменьнікам. У творах савецкага часу Кульбак апісвае савецкую рэчаіснасьць з пазыцыі староньняга назіральніка, часам нават да канца тую рэчаіснасьць не адчуваючы і не разумеючы.

Едучы ў 1928 годзе з «буржуазнай» Польшчы ў краіну, як яму думалася, будаўнікоў новага ладу і стваральнікаў новай культуры, Кульбак не падазраваў, што не пражыве там і дзесяці гадоў. Хваля Вялікага тэрору, якая заліла Савецкі Саюз у 1937 годзе, не абышла і яго. 11 верасьня яго арыштавалі, 28 кастрычніка суд прызнаў яго «агентам польскай выведкі», вінаватым ва ўдзеле ў «контррэвалюцыйнай трацкісцкай тэрарыстычнай арганізацыі».

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году Мойшэ Кульбак — разам з 120 іншымі прадстаўнікамі беларускай грамадзкай, навуковай і культурнай эліты — быў расстраляны. Месца расстрэлу і пахаваньня невядомае.

Літаратурны крытык Рапапорт пісаў пасьля Другой сусьветнай вайны: «Ва ўмовах супрацьстаяньня савецкага рэжыму і паэзіі, у якіх апынуўся Кульбак, нешта адно з двух мусіла стаць ахвярай — або Кульбакава паэзія, або сам Кульбак. Выявілася, што Кульбак-паэт быў мацнейшы, і таму загінуў Кульбак-чалавек»4.

Мойшэ Кульбак зь сям’ёй. Менск, пачатак 1930-х гадоў / Фота © Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва  

Паўторнае адкрыцьцё Кульбака  

Тым ня менш, вяртаньне Кульбака да беларускага чытача зацягнулася на дзесяцігодзьдзі. Пасьля зьнішчэньня паэта ўсе яго кнігі ў СССР былі забароненыя, выдаленыя зь бібліятэк і кнігарань і зьнішчаныя. Забарона была зьнятая разам зь яго рэабілітацыяй у 1956 годзе, тады пачалі выходзіць перавыданьні і пераклады яго твораў. Аднак даступнымі чытачам сталі толькі раман «Зэлмэняне» (беларускі пераклад: Менск, 1960) і зборнік выбранай паэзіі (Менск, 1970). Пераклад рамана быў моцна парэзаны цэнзурай (зь яго выпала каля 20% тэксту), а пераклады вершаў былі настолькі далёкія і ад духу і ад літары арыгіналу, што ня ўсе тэксты там удаецца ідэнтыфікаваць…

У выніку, пра Кульбака доўгі час ведалі адзінкі, ён заставаўся адным з «пісьменьнікаў савецкай Беларусі» міжваеннага часу, пра якога была толькі скупая і недакладная інфармацыя ў даведніках і энцыкляпэдыях.

Хваля інтарэсу ўзьнікла пасьля перавыданьня «Зэлмэнянаў» у 2015 годзе (Менск, выдавецтва «Папуры»), і гэтую кнігу пачалі ўключаць у сьпісы найлепшых раманаў пра Менск. Імя Кульбака пачало ўсё часьцей сустракацца ў літаратурных публікацыях — узьніклі новыя, якасныя пераклады паэзіі, выйшла ў часопісе п’еса «Бойтрэ». Урэшце, у 2018–2024 гадах праскае выдавецтва «Вясна» выдала поўны збор паэзіі і прозы Кульбака ў беларускім перакладзе. Так Кульбак — самы вядомы ў сьвеце пісьменьнік, які жыў і тварыў у міжваеннай Беларусі — вярнуўся ў краіну, дзе ён нарадзіўся і трагічна загінуў. Мойшэ Кульбак, чалавек з краіны Райсн.

  1. Мойшэ Кульбак. Мэсія з роду Эфраіма (1924) ↩︎
  2. З выступу прафэсара Лэрнэра, былога вучня Кульбака, 22 лютага 1975
    // Mojše Kulbak ovnt
    https://archive.org/details/ybc-fbr-438_4437/01-438A.wav ↩︎
  3. паштоўка віленскаму калегу па настаўніцкай сэмінарыі А. Галомбу. Цытата паводле: Daniel Kac. Na krawędzi życia. Warszawa 1993. S. 72 ↩︎
  4. Rapoport, J. Ojsgerisene bleter. Melburn, 1957. Z. 156 ↩︎