Прайшло пяць год з тых выбараў у жніўні 2020 года, якія дали пачатак буйным рэвалюцыйным працэсам ў Беларусі.
Пісьменнік, кіраўнік фонду «Belarus 2020» Севярын Квяткоўскі перакананы, што 2020 год — вяршыня развіцця грамадства і пачатак новай эры беларускай гісторыі. «Я бачыў нараджэнне грамадзянскай супольнасці», — лічыць ён.
Па меркаванні Квяткоўскага, мэта беларускага рэжыма — як мага хутчэй сцерці памяць пра 2020 год. Людзям кажуць, што ўсё было дарма, што тыя падзеі — выпадковасць.
Чаму гэта не так, як адбывалася і з чаго складалася беларуская рэвалюцыя, якія наступствы яна мае для Беларусі і чаму зараз беларусы могуць навучыць свет — у эсэ Севярына Квяткоўскага.
Падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал, каб не прапусціць нічога з галоўных навін і найважнейшых дыскусій, якія ідуць у Нямеччыне і ў Еўропе. Гэта па-ранейшаму бяспечна для ўсіх, у тым ліку для грамадзян Беларусі і Расіі.
Архіўнае фота / Масавыя акцыі пратэсту летам і восенню 2020 года © LookByMedia
1.
У мяне пяты год ёсць свята — Дзень Беларускай рэвалюцыі 9 жніўня 2020 году.
Дзень рэвалюцыі свядомасці.
Так, я жыву ў палітычнай эміграцыі, бо на радзіме я праходжу па крымінальнай справе, надуманай у якасці пераследу за іншадумства. Але ў мяне свята, бо я пабачыў нараджэнне грамадзянскай супольнасці. А хтосьці кажа, што ў 2020 годзе беларусы пачалі фармаванне наддзяржаўнай нацыі, новай супольнасці ХХІ ст. Я практычна без жартаў кажу, што ў мяне на двары пяты год новай эры.
У мяне свята, бо я пабачыў шчаслівых людзей, якія выходзілі і выходзілі хваля за хваляй на вуліцы Беларусі, не гледзячы на забойствы і масавыя катаванні ў засценках. Яны былі шчаслівыя адчуваннем адзінства ў сваім жаданні быць свабоднымі.
Я радуюся таму, што людзі, якія яшчэ ў познім СССР пачалі будаваць гарызантальныя сувязі, верачы ў немагчымае, — у падзенне савецкай імперыі і незалежнасць сваёй радзімы Беларусі, — гэтыя людзі пабачылі плён сваіх інтэлектуальных высілкаў і проста грамадзянскай смеласці.
Год за годам беларуская незалежная супольнасць расла ад дзясяткаў, пасля соцень тысяч і ўрэшце мільёнаў чалавек.
Так, бяззбройныя людзі не маглі фізічным націскам змяніць дыктатарскую уладу, да ўсяго падмацаваную Крамлём. Але сёння беларусы маюць досвед, якім могуць падзяліцца з тымі краінамі, на які насоўваецца аўтарытарызм. Досвед самаарганізацыі і здольнасці трымаць шыхт.
Беларуская рэвалюцыя не скончаная, яна на паўзе.
2.
«Дык патлумачце нарэшце — што ж у вас там адбылося?!» — ледзь не закрычала ў адчаі арганізатарка з грузінскага боку, калі на імпрэзе ў 2022 годзе ў Тбілісі скончыўся фільм беларускага рэжысёра ў кантэксце падзеяў 2020 года.
Я агучыў пару важных для мяне тэзісаў, з залі на мяне ледзь не кінуліся з кулакамі. Я пакінуў абмеркаванне фільму, выйшаў на вуліцу — і зразумеў, што наперадзе аграмадная супольная праца па ацэнцы беларускіх рэвалюцыйных працэсаў.
«Столькі важных дэталяў, якія могуць забыцца! Я пішу раман пра 2020 год», — падзялілася летам 2025 знаёмая пісьменніца.
Задача праціўніка — то бок тых, хто працуе на рэжым, — каб як мага хутчэй сцерлася памяць пра 2020 год. Яркія відэа сведчанні прыбіраюцца з YouTube у мэтах бяспекі, бо тэрор у Беларусі трывае пяць гадоў, і канца яму не відаць. Людзям спрабуюць укласці ў галовы, што ўсё было дарма, што падзеі 2020 году — толькі выпадковасць, успышка, імгненне, халодная цывілізацыйная цемра будзе вечнай.
Таму сёння, праз пяць гадоў, праблема гучыць так: калі ты сам не напішаш уласную гісторыю — за цябе яе напішуць іншыя. Таму вось мая кароткая версія.
3.
У жніўні — снежні 2020 года ў Беларусі адбылася цывілізацыйная рэвалюцыя, якая ўвасобілася ў некалькіх плынях.
— Сацыяльная. Беспрэцэдэнтна хуткая і маштабная самаарганізацыя незнаёмых раней людзей. Задача — разам адбіцца ад дзяржавы, якая сталася зброяй у руках групы злодзеяў на чале з Лукашэнкам.
— Гендэрная. У Беларусі адбылася жаночая рэвалюцыя. З улікам падкрэсленага жонаненавісніцтва Лукашэнкі, матэрыялізаваўся лозунг на плакаце: «Саша, твой сексізм цябе згубіў!». Лукашэнка пагарджае жанчынамі, адкрыта кажа, што яны не ў стане займаць такі пост, як прэзідэнцкі. Ён дазволіў канкураваць з сабой Святлане Ціханоўскай — і прайграў.
Далей, калі праз некаторы час пасля выбараў 9 жніўня пачаліся акцыі пратэсту самаарганізаваных жаночых груп, Лукашэнка загадаў не біць іх. Што справакавала толькі павелічэнне і разрастанне акцый. Таму тыдні праз два-тры біць пачалі і жанчын, але лавіну было не спыніць.
— Нацыянальная. Сцягам змагання за свабоду для ўсіх стаў бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг, які Лукашэнка ў 1995 годзе замяніў на стылізаваны савецкі. «Гербы» двароў, вуліц, раёнаў, гарадоў і краін (у замежжы) у большасці выпадкаў падпісваліся па-беларуску.
Для заходнееўрапейскага чытача варта патлумачыць, што Лукашэнка сістэмна ладзіць этнацыд, спрабуючы выкараніць нацыянальную самаідэнтыфікацыю беларусаў на карысць расейскага імперскага самаадчування. Таму змаганне за нацыянальныя сімвалы і беларускую мову ў Беларусі — гэта акт адстойвання правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў.
А таксама — уласна цывілізацыйная складовая рэвалюцыйных працэсаў. Рухавіком Беларускай рэвалюцыі стаў крэатыўны клас. Ва ўмовах дзяржавы як капіталіста-манапаліста беларускі крэатыўны клас, незалежна ад узроўню даходаў, — гэта людзі, якія існуюць паралельна дзяржаве. У крымінальнай групоўкі, якая захапіла дзяржаву, няма ўплыву на гэты самы крэатыўны клас.
Як так сталася? Досыць хутка пасля распаду СССР беларусы з нядаўна напалову аграрнай краіны зрабіліся пятай IT-краінай у свеце. Дзевяці з чымсьці мільённая краіна. І ў ёй утвараецца грамадства, паралельнае дыктатуры. Бо IT дае зарабіць і сабе і іншым сферам эканомікі.
На момант 2020 году вырасла пакаленне, якое не памятае рэвалюцыйных падзей 1990-х і нулявых. Не памятае забітых рэжымам, пасаджаных, катаваных, выгнаных. Гісторыі 1990-х для іх як бы не існуе. Бо ў школе не раскажуць непажаданае рэжыму, а незалежныя інстытуцыі — медыйныя і грамадскія — занятыя бягучымі справамі.
Гэтыя грамадзянска наіўныя людзі верылі, што на выбарах можна змяніць кіраўніка краіны. І нават на пратэст большасць пайшла проста ў шортах і цішотках, не думаючы, што давядзецца бараніць свае целы.
4.
Я ўпэўнены, што без подзвігу маладых людзей у першыя трое сутак пасля закрыцця выбарчых участкаў далейшага грамадскага выбуху не было бы. А подзвіг у тым, што калі на бяззбройных людзей напалі штурмавікі ўнутраных войскаў, пратэстоўцы не сыходзілі з вуліц. Больш за тое, адбіваліся і рукамі, і нагамі, і цэглай — самаабарона.
Таксама беспрэцэдэнтна, прынамсі, для Еўропы, што забівалі некаторых дэманстрантаў на паказ. А як катавалі тысячы затрыманымі ў пастарунках, вельмі блізка да таго, што мы чыталі пра гестапа ці сталінскія засценкі. Толькі паказушна, каб запалохаць за адзін раз і рапартаваць, што ўсё пад кантролем.
Але факт у тым, што не гледзячы на забітых, скалечаных, катаваных, асуджаных, беларусы па ўсёй краіне тры, а ў Менску дык і чатыры месяцы кантралявалі вуліцы сваіх гарадоў.
Высветлілася, што непрыняцце Лукашэнкі настолькі масавае, што ў яго проста няма дастатковай колькасці работнікаў «унутраных органаў», каб спыніць рухі людзей.
Але тыя, хто маглі ачоліць рэвалюцыю, сядзелі за кратамі.
Патрабаваць ад Святланы Ціханоўскай, якая яшчэ нядаўна жыла выключна сям’ёй, адразу стацца відным дзеячам-дзяржаўнікам не выпадала. Пратэст сцішыўся.
5.
«Варшаўскае паўстанне», — пракруціў я ў сябе ў галаве, калі рушыў у адным з маршаў па цэнтры Менску. У тым сэнсе, што было зразумела, што ніхто на дапамогу беларусам не прыйдзе.
Знаёмы, які школьнікам пераехаў жыць у Нямеччыну яшчэ ў 1990-м годзе, напісаў, маўляў, «так, у нас у Берліне таксама бывае сто тысяч выходзяць». Чалавек, які мусіць крыху разумець, што такое аўтарытарызм. Але не, ужо забыўся.
Кожны замежнік, будзь то з Еўропы, Азіі ці іншых частак свету, не разумее парадокс: суіснаванне ў адной прасторы і часе сучасных ва ўсіх сэнсах людзей — з дзяржавай, захопленай групай архаічных злыдняў. То бок дыктатура ёсць, але можна жыць паралельна. Гэта рэаліі ХХІ ст.
Працэсы рэзкай змены генерацый ідуць па ўсім свеце. Выбарцы Трампа ў ЗША у 2024 — гэта прыблізна выбарцы Лукашэнкі ў 1994. Беларусы ўсё даўно прайшлі, і могуць ладзіць адукацыйныя трэнінгі па тэме «што рабіць, калі насоўваецца аўтарытарызм».
Зрэшты, ведаю, што штосьці падобнае і праўда будзе ў канцы 2025 году, дзе беларусы будуць вучыць людзей з краін ЕЗ, дзе шмат палітыкаў, купленых крамлёўскім капіталам, як самаарганізоваццца, каб быць паралельнымі дзяржаве.
Каштоўная веда, калі ўлічыць, што папулісты набіраюць усё больш галасоў і ў краінах «старой дэмакратыі».
6.
На пытанне «што ў вас у Беларусі адбылося ў 2020 годзе?» вялікая колькасць людзей будзе шмат гадоў даваць свае версіі. Але беларусам важны не толькі ўнутраны дыялог. Мае значэнне, што будуць казаць у тых некаторых еўрапейскіх краінах, ад якіх залежыць агульная для ЕЗ палітыка адносна Расеі. Жорсткая пазіцыя — надзея для беларусаў, мяккая — перспектыва бясконцай цывілізацыйнай багны.
Бо без Расеі не было бы такога працяглага панавання Лукашэнкі. Дый без сучаснай Расеі ў 2020 годзе ўлада ў Беларусі магла змяніцца малой крывёю. Але Пуцін падагнаў свае ўнутраныя войскі на мяжу з Беларуссю, і міліцэйскія ды армейскія генералы Лукашэнкі пайшлі на падтрымку злачынства, толькі абы не супраць дыктатара.
Памятаю як яшчэ ў 2015 годзе спрабаваў на прыкладзе серыялу «Гульня тронаў» патлумачыць чым ёсць беларусы і ўкраінцы адносна жыхароў краін Еўразвязу.
Ішоў другі год уварвання Расеі ва Украіну. Ахвяры ўжо ішлі на тысячы, «калектыўны Захад» выказваў «глыбокую заклапочанасць».
Я казаў, што ўкраінцы — гэта вартавыя на Сцяне, а беларусы ўжо — за Сцяной, безабаронныя перад навалай. І што белыя хадакі ўжо вырушылі, але сем каралеўстваў, то бок Еўразвяз, не бачыць пагрозу.
Цяпер мы ўжо ведаем, што беларусы ў 2020 годзе адцягнулі час поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Пуцін планаваў адзін з маршрутаў для сваіх войскаў праз Беларусь. Для Крамля Беларусь — гэта тыл. Але «тыл» гэты быў апанаваны рэвалюцыйнымі працэсамі. Людзі выйшлі абсалютна па ўсёй краіне.
Ковід дапамог краінам Еўразвязу зрабіць выгляд, што паўплываць на сітуацыю з Беларуссю не магчыма. У Польшчы, Літве і Нямеччыне дапамагалі першай хвалі ўцекачоў, але было бачна, што беларусы засталіся сам на сам з войскам галаварэзаў, чые камандзіры ўжо былі павязаныя крывёю забітых дэманстрантаў.
7.
Сёння ў Заходней Еўропе трэба ведаць, што калі збройнае сутыкненне з Расеяй станецца непазбежным, на ўсход ад Польшчы ляжыць краіна, дзе пераважная большасць дарослага насельніцтва ёсць лаяльнымі і нават прыхільнымі палітычнай і культурнай Еўропе.
І лепш гэтым людзям дапамагаць. Напрыклад, не душыць складаным атрыманнем візы, а наагул зрабіць бязвіз.
Спіхнуць беларусаў у адзін пакет з Расеяй не атрымаецца.
Хоць краіна Беларусь дэ-факта акупаваная, людзі — беларусы — ужо суб’ектныя.
***
У Варшаве ёсць кавярня, адкрытая беларусамі, яна завецца проста — «2020» Для многіх гэта знак, які не патрабуе тлумачэнняў: паверылі, змаглі, перамаглі — сябе.
Тэкст: Севярын Квяткоўскі
Апублікаваны: 08.08.2025