Краіна, якой няма і якая ёсць

«Вузел надзеі» / © Антаніна Слабодчыкава

Вольга Гапеева, якая нарадзілася ў Мінску ў 1982 годзе, — адна з самых вядомых у свеце паэтак і пісьменніц Беларусі. З 2019 года яна жыве за межамі радзімы, пераязджаючы з горада ў горад, з краіны ў краіну. Аўтарка, неаднаразова ўзнагароджаная за сваю творчасць, цяпер піша не толькі па-беларуску, але і па-нямецку.

Сваё жыццё ў выгнанні Вольга апісвае як жыццё намады, як форму качэўніцтва, якую і даследуе з дапамогай мовы, паэзіі і прозы. Для лінгвісткі, якая мае доктарскую ступень, лейтматывам у мастацтве стала імкненне даходзіць да самой сутнасці слоў і праз іх даследаваць пытанні ідэнтычнасці, уяўленні пра іншых і перспектывы. Яе апошняя праца — кніга «Слоўнік намады» («Wörterbuch einer Nomadin», 2026).

У сваім эсэ для нашага супольнага з Фондам С. Фішэрапраекта «Беларусь — зазіраючы ў будучыню» Вольга Гапеева разглядае пытанне, у якой ступені беларуская ідэнтычнасць у выгнанні можа не толькі выжыць, але і стаць асновай для будучыні, у якой варта жыць.


Time present and time past
Are both perhaps present in time future,
And time future contained in time past.

Час сённяшні і час мінулы
Схаваныя абодва мо ў часе будучыні,
Час будучыні ж — у мінулым.

Т. С. Эліят (пер. В.Г.)1

Уявіцьма, што для таго, каб сказаць «ўчора» і «заўтра», мы выкарыстоўвалі б адно і тое ж слова. Складана? Дзіўна? Але не для тых, хто размаўляе на хіндзі, бо ў гэтай мове менавіта так і ёсць: «kal» (कल) гэта і ўчора, і заўтра. Толькі па форме дзеяслова можна здагадацца, пра што ідзе гаворка. Пры такім поглядзе на сусвет быццам супрацьпастаўляецца цяперашні момант і ўсё астатняе, не так, як у беларускай ці нямецкай, дзе мы размяжоўваем тры кампаненты ў часе на тое, што было, што ёсць цяпер і што будзе. У індыйскім мысленні час (काल, kаal) разглядаецца як вечная, бясконцая і трансфармавальная сутнасць, фундаментальны фактар стварэння, падтрымання і знішчэння. Час успрымаецца як нелінейны, цыклічны ў адрозненне ад заходняга лінейнага погляду.

Пра гэта мне распавядае Мохан Рана, паэт, што жыве недалёк ад Лёндану ужо 40 гадоў, але па-ранейшаму піша толькі на хіндзі. Я ніколі не сустракалася з Моханам ужывую, але мы размаўляем амаль кожны дзень з 2017 году. Ён даведаўся пра мяне, прачытаўшы недзе ў інтэрнэце мае вершы. Нашыя размовы збольшага пра паэзію, планеты і зоркі, часам пра расліны з нашых садоў, пра малінавак, галубоў і вавёрак. Пра палітыку мы размаўляем, але не часта, і зноў жа на нейкім іншым узроўні — на ўзроўні паэзіі, як бы дзіўна тое не гучала. Калі гаворка заходзіць пра Беларусь, словы Мохана напоўненыя надзеі, тады і мне робіцца трошку весялей.

Збольшага мае разважанні пачынаюцца з аналізу словаў або граматычных катэгорый, з таго, як мы гаворым пра той ці іншы аб’ект або з’яву. Гэтаму мяне навучыла лінгвістыка, якой я прысвяціла дваццаць год. Паэзія, з якой я жыву з дзяцінства, дапамагае эмпатыйна адгукацца на сусвет і людзей. У сваіх тэкстах я абапірася на гэтыя два слупы і думаю, адштурхоўваючыся ад мовы.

Я даволі скептычна стаўлюся да гіпатэтычных сітуацый і ўмоўнага ладу. Рабіць прагнозы і прадказваць будучыню — няўдзячны занятак, занадта шмат пераменных, асабліва калі гэта тычыцца лёсу краіны. Носьбіты кітайскай мовы ўспрымаюць сувязь паміж часам і фізічнай прасторай інакш, чым гэта адбываецца ў заходніх культурах. Калі яны жэстамі паказваюць час, то, гаворачы пра мінулае, будуць паказваць рукой наперад, а пра будучыню — назад. Таксама ў мове аймара словы, якія абазначаюць прасторавыя паняцці «наперадзе» і «ззаду», літаральна азначаюць «мінулы» і «наступны» (напрыклад, «front year» азначае «летась», а «back year» — «у наступным годзе»)2. У гэтым ёсць пэўны сэнс, бо будучыня — гэта тое, што схавана ад нас, што нябачна, у адрозненне ад мінулага, якое мы ведаем і якое ляжыць перад намі. Але зноў жа, гэта ідэальны сцэнар, у выпадку Беларусі, як і шмат якіх іншых краінаў, мінулае не такое ўжо бачнае і вядомае.

Погляд хіндзі можа ў нечым дапамагчы. Заўтра — гэта своеасаблівае ўчора і таму, ведаючы яго, можна зазірнуць у будучыню. З іншага боку, нашая будучыня пачынаецца сёння, тое, што мы закладаем цяпер — праявіцца і станецца нашым заўтра.

Учора

З дзяцінства я шмат вандравала, прычым абсалютна ў розныя і далёкія ад Беларусі месцы: Кыргызстан, Дагестан, Абхазія, Ірляндыя, Грузія, Нямеччына. Я магла добра паразумецца з ірляндскай дзяўчынкай, нават калі яшчэ зусім каліва ведала па-англійску, або з нямецкім дзядулем, зусім не валодаючы ягонай мовай, і ў той жа час магла быць абсалютна чужой беларускаму калегу, які ў сваіх поглядах застаўся недзе ў Сярэднявеччы. Яшчэ жывучы ў Менску, я не пачувалася дома, як і шмат хто, я знаходзілася ва ўнутранай эміграцыі і спрабавала ствараць сваю краіну, дзе мне было б утульна і бяспечна. Да пэўнага моманту і пэўнай ступені гэта атрымлівалася. Ці існавала тая краіна, дзе мне хацелася жыць? Наўрад ці, але, прынамсі, яна існавала ў маім уяўленні.

Беларускія калядныя паштоўкі выдавецтва «Бацькаўшчына» (Мюнхен), 1950-я / Крыніца Budzma.org

Я не была ў Беларусі з 2019 году, навіны перастала актыўна чытаць з зімы 2020. За гэты час я змяніла восем адрасоў у Аўстрыі і Нямеччыне, што не можа не адбіцца на светаўспрыманні і стасунках з сусветам. Такі намадычны лад жыцця навучыў мяне цаніць момант і памятаць пра тое, што няма нічога сталага. Цяпер я жыву ў Мюнхене і падумаць не магла, што ў гэтым горадзе і ягоных ваколіцах адбывалася беларуская гісторыя, што ў 1950-я тут выдаваліся беларускія паштоўкі з вершамі Канстанцыі Буйла і Янкі Купалы, праходзілі антысавецкія мітынгі.

Беларусы на антысавецкім мітынгу ў Мюнхене, 1950-я гады / © Матэрыялы і фотаздымкі апублікаваныя з дазволу Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Усе правы абароненыя.

Неяк выпадкова я пабачыла інфармацыю пра тое, што аповесць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» была надрукаваная тарашкевіцай у 1965 годзе менавіта ў Мюнхене3. Мяне гэта зацікавіла, і я пачала заглыбляцца ў тэму і выйшла на кніжку Алеся Вініцкага4, адкуль даведалася, што па заканчэнні Другой сусветнай вайны значная колькасць беларусак і беларусаў апынулася ў амерыканскай зоне акупацыі Нямеччыны, у тым ліку ў Баварыі (Мюнхен, Рэгенсбург, Аўгсбург і інш.). Гэта былі былыя ваеннапалонныя, остарбайтэры, а таксама ўцекачы з Беларусі, якія не жадалі вяртацца ў СССР. Беларусы жылі ў лагерах для перамешчаных асобаў (DP — Displaced Persons). Баварыя стала адным з галоўных цэнтраў беларускай эміграцыі, асабліва дзякуючы амерыканскай адміністрацыі, якая дазваляла адносна свабодную культурную і арганізацыйную дзейнасць. Аказваецца, 80 гадоў таму, тут пад бокам, дзейнічалі пачатковыя школы, гімназіі, а таксама настаўніцкія курсы, дзе навучанне вялося на беларускай мове. Выдаваліся беларускія газеты (напр. «Бацькаўшчына») і часопісы (напр. «Шыпшына»), якія інфармавалі пра жыццё эміграцыі і падтрымлівалі нацыянальную свядомасць. Існавалі беларускія тэатральныя гурткі, хоры, бібліятэкі. Сёння пра гэта амаль нічога невядома і адшукаць звесткі не так лёгка.

У Беларусі шырокая публіка даведалася пра эмігранцкую літаратуру і пра тое, што жыццё нашых суайчынніц і суайчыннікаў працягвалася і за мяжой, дзе яны дбалі пра мову і культуру, ужо пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць. У 2020-м гісторыя быццам зноўку паўтарылася. Шмат хто быў вымушаны з’ехаць і пачынаць жыццё наноў у эміграцыі. Ці можа так стацца, што і пра нас, тых, хто цяпер не ў Беларусі, нашыя суайчынніцы і суайчыннікі ў краіне даведаюцца праз паўстагоддзе? Мне хочацца аднак верыць, што сусвет сёння усё ж такі іншы: ёсць інтэрнэт, мы не так адарваныя адно ад адное, магчымасць выязджаць, хоць і абмежаваная, пакуль ёсць.

Я па-ранейшаму шмат вандрую, выступаю ў розных краінах і здараецца, што на выступы прыходзяць нашчадкі беларускіх сямей, якія з’ехалі ў пазамінулым ці мінулым стагоддзі. І я заўсёды цешуся, калі яны падыходзяць і распавядаюць пра тое, як яны ці іхнія дзядулі або бабулі тут апынуліся. Гэта дае мне своеасаблівае пачуццё прыналежнасці і чарговым разам даводзіць, што можна заставацца беларускай і за тысячы кіламетраў ад радзімы.

Беларускія ўцекачы ў Нямечынне, канец 1940-х або 1950-я гады. / © Матэрыялы і фотаздымкі апублікаваныя з дазволу Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Усе правы абароненыя

Еўрапейскасць Беларусі

Аднойчы ў адной рэцэнзіі на свой раман «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» я прачытала, што ён «еўрапейскі», і тое не было кампліментам, хутчэй заганай. Я не ведала, як рэагаваць, бо не разумела, у чым мяне хацелі папракнуць. Для мяне Беларусь заўсёды была і застаецца часткай Еўропы. Шкада, што для некаторых беларусаў і беларусак гэта ўсё яшчэ невысветленае пытанне. Так, у нас свае асаблівасці, як у любой краіне, але гэта не адмяняе нашай еўрапейскасці. Іншая праблема — гэта Заходняя Еўропа, якая часта дэманструе пэўную недасведчанасць у пытаннях гісторыі, калі гаворка заходзіць пра тэрыторыі, што знаходзяцца па ўсход і поўдзень. Там часта абмяжоўваюцца часамі СССР. Як слушна заўважае Цімаці Гартан Эш (Timothy Garton Ash), «маналітнай Усходняй Еўропы ніколі не было, яна існавала толькі ў галовах людзей з Захаду»5. Заходняя Еўропа ганарыцца сваёй дэмакратыяй, але гэтая частка Еўропы не так даўно (нават па чалавечых, а не гістарычных мерках) стала «дэмакратычнай»: Іспанія і Партугалія да 1970-х заставаліся аўтарытарнымі рэжымамі. Бельгія, Нямеччына, Партугалія мелі калоніі, а Францыя, Вялікабрытанія, Данія і Нідэрланды і дагэтуль уключаюць у свой дзяржаўны склад замежныя тэрыторыі (былыя калоніі). Таму не трэба думаць, што свабоды і правы былі тут заўсёды. Да таго ж, унутры гэтых дзяржаваў працяглы час толькі прывілеяваная група белых заможных мужчынаў мела правы. 

Каб зразумець геаграфічную Еўропу, трэба прыкладаць намаганні, цікавіцца гісторыяй і часта неафіцыйнай, бо калі краіна знаходзіцца ў закладніках іншых геапалітычных вялікіх суседзяў, гэта цяжка, нудна і часам немагчыма, таму што няма доступу да альтэрнатыўных крыніцаў. Беларусь таму добры прыклад.

Разважаючы пра час і Еўропу, варта ўзгадаць, што час тут рухаецца неаднолькава. Я не пра часавыя паясы, а пра тое, што нямецкі філосаф Эрнст Блох абазначыў як «Ungleichzeitigkeit» (асінхроннасць, неадначасовасць), калі ў межах аднаго гістарычнага моманту суіснуюць элементы, сацыяльныя групы і структуры, якія належаць да розных эпохаў. Дзесьці можа быць 1937, а ўсяго за тысячу кіламетраў — 2026. Слова нацыяналізм добра ілюструе гэты феномен. Для жыхароў Заходняй Еўропы нацыяналізм сёння — ганебнае слова, якое асацыюецца з правымі партыямі, таму кожным разам даводзіцца тлумачыць, што для краінаў, якія ўваходзілі ў склад СССР, нацыяналізм і прыхільнасць да нацыі былі адзіным, што дапамагала захаваць сваю нацыянальную свядомасць і не пераплавіцца ў «савецкага чалавека», не забыцца на культурную спадчыну, на мову, усё тое, што саветы ўсяляк вынішчалі і хацелі наблізіць да рускай культуры і мовы.

У прыватнай размове адна нямецкамоўная каляжанка называе беларусаў незаўважнымі, маўляў, іх не чуваць, яны не змагаюцца за свае правы. Мне балюча і непрыемна гэта чуць. Гэта погляд прывілеяванай заходнееўрапейскай асобы, якой не трэба было змагацца за права пісаць на роднай мове або тлумачыць, што ейная мова — гэта не дыялект, або што ейная краіна мае доўгую гісторыю і не вызначаецца апошнімі дзесяцігоддзямі ўваходжання ў імперыю. Погляд асобы, якой, каб выехаць замяжу, не трэба кожным разам атрымліваць візу, праходзіць сумоўе і пацвярджаць сувязі з радзімай (а гэта значыць, мець мужа, дзяцей, афіцыйную працу і маёмасць) і пры адсутнасці гэтых атрыбутаў рызыкаваць стацца падазроным элементам у вачах заходнееўрапейскіх амбасадаў і не атрымаць візу. Як і большасць беларусак і беларусаў, мне ўсё гэта давялося перажыць. Імкненне асобы, выхаванай ў дэмакратычным асяроддзі, прымяніць нормы дэмакратычнага грамадства да грамадства, якое жыло ва ўмовах то аўтакратыі, то дыктатуры, сведчыць пра адсутнасць разумення сітуацыі. Па-першае, выходзіць на вуліцы ў Беларусі ўжо няма каму, па-другое, такі тып супраціву дзейсны пры дэмакратыі, дзе працуе сістэма абароны правоў грамадзянаў, ёсць судовая сістэма і грамадзянская супольнасць. Тая ж самая каляжанка ўшчучвае мяне, даведаўшыся, што я збіраюся ехаць у ЗША. У ейных вачах я здрадніца, бо еду да Трампа. Для мяне ж гэта магчымасць убачыць на ўласныя вочы, што цяпер адбываецца ў краіне і паслухаць, чым жывуць студэнцтва і інтэлігенцыя. Да таго ж, я сама паходжу з краіны, якая доўгі час мела абмежаваны доступ да ведаў і людзей з іншых краінаў, таму разумею, як каштоўна і істотна наведваць месцы, дзе не ўсё так добра. Напэўна з такім жа падазрэннем ставіліся да амерыканцаў і заходнееўрапейцаў, якія адважываліся паехаць у СССР ў мінулым стагоддзі. 

Што ўчора, што заўтра… Часам здаецца, што Гісторыя размаўляе на хіндзі.

Заўтра

Я ніколі не магла сабе ўявіць, што буду пісаць на нейкай іншай мове, апроч беларускай, мне падавалася гэта немагчымым. Але «ніколі не кажы ніколі».  З 2019 году нямецкая сталася маёй другой працоўнай мовай. Для мяне гэта займальны лінгвістычны эксперымент і пэўнае практычнае рашэнне (перакладчыц_каў з беларускай на нямецкую бракуе). Так я пашыраю свой літаратурны гарызонт, што дазваляе мне больш выразна бачыць асаблівасці роднай мовы і нямецкай, пэўныя абмежаванні моваў увогуле, і захапляцца віртуознасцю або непадобнасцю розных моваў, а праз іх — і культур. 

Мая беларускасць жыве ўва мне не толькі ў мове, але праяўляецца і праз культурныя коды, якія збольшага выбудоўваліся літаратурнымі творамі з дзяцінства, са школьнай праграмы. На шпацыры, мінаючы сасну, у думках я кажу «сасна пры дарозе» або «вецер у соснах», калі нешта баліць, усміхаюся і мармычу «мёртвым не баліць», ці калі спрабую расчытаць неразборлівы почырк у Мюнхенскім архіве, узгадваю радкі Якуба Коласа «такі пісака, не расчытае і сабака». Так выбудоўваецца ланцужок успамінаў: вось бабуля ўшчучвае мяне за мой каравы почырк і цытуе той жа самы радок з паэмы класіка. Вось зборы твораў пісьменнікаў у доме бабулі і дзядулі за шклянымі дзверцамі шафы, вось я на гародзе замест таго, каб прапольваць гарбузы, гляджу на тое, як сярод слівовага лісця трапеча сіні матылёк і спяваю верш Багдановіча «па-над белым пухам вішні». Таму літаратура — гэта не толькі «прыгожае пісьменства», гэта тое, што робіцца часткай нашай ідэнтычнасці і вандруе з намі, дапамагаючы не пачувацца самотнымі і адарванымі.

Калі ўсё ж такі паспрабаваць уявіць магчымы шлях развіцця і тое, якім мне хацелася б яго бачыць не толькі для Беларусі, але і для сусвету, я б абрала экалогію. Не спяшайцеся думаць у кірунку прыродааховы, экалагічнае мысленне — не толькі пра прыроду ў вузкім сэнсе слова, гэта пра суіснаванне, бо любое існаванне — гэта суіснаванне. Няма абсалютна незалежных індывідуумаў, мы ўсе сімбіятычныя сістэмы і залежым адно ад адное. Напэўна, самае шкоднае, што прынесла заходнееўрапейская эпоха Асветы — гэта  ідэя самастойнага суб’екта, які быццам бы існуе незалежна ад іншых і ад нараджэння не мае патрэбы ні ў клопаце, ні ў абароне. Экалагічны падыход вучыцца суіснаваць так, каб не шкодзіць сабе і іншым. Квітнець самім і падтрымліваць квітненне іншых — карысны навык для будучай экалагічнай думкі, стылю жыцця, новай парадыгмы. Экалогія — гэта і пра мовы, і пра культуры, пра эканоміку і палітыку, пра міжасабовыя стасункі — дзе таксічнасць і вынішчэнне, дзе вайна і нянавісць — мусяць быць адкінутымі, як тое, што не спрыяе ні існаванню, ні суіснаванню. Але як бы мне не хацелася верыць у лепшае, я ўсведамляю, што чалавецтва пакуль не гатовае пазбавіцца войнаў, што ўзброеныя канфлікты будуць працягвацца, будуць новыя трагедыі і траўмаваныя пакаленні. Таму істотна вучыцца не паддавацца змрочным думкам і памятаць, што сваім аптымізмам, сваім гумарам, сваім суперажываннем і неўміручасцю пачуцця прыгожага ў сэрцы мы выратоўваем сябе і іншых — без гучных лозгунаў, але плённа і штодня, учора, сёння і заўтра. 

dekoder

Друкуйце, канібалы!

Беларускі пісьменнік Зміцер Вішнёў, змагар культурнага супраціву за мову і ідэнтычнасць, у сваім эсэ для нашага праекта «Беларусь — зазіраючы ў будучыню» паказвае, якой магутнай сілай можа быць мастацтва ў супрацьстаянні аўтарытарнаму мысленню.

Культура и обсуждения Текст:

  1. Гэта першыя радкі філасофскай паэмы Т. С. Эліята «Бёрнт Нортан», першай часткі яго знакамітых «Чатырох квартэтаў», апублікаваных у 1936 годзе. ↩︎
  2.  Gu, Y., Zheng, Y., & Swerts, M. (2016). Which is in front of Chinese people: Past or Future? A study on Chinese people’s space-time mapping. In A. Papafragou, D. Grodner, D. Mirman, & J. C. Trueswell (Eds.), Proceedings of the 38th annual conference of the cognitive science society (pp. 2603-2608). Austin, TX: Cognitive Science Society. https://mindmodeling.org/cogsci2016/papers/0449/paper0449.pdf ↩︎
  3. Даведнік Кіпеляў пра эмігранцкі друк кажа, што кніга выйшла ў Дэтройце, а кніга, вокладка якой змешчаная ў Вікіпеді і якая знаходзіцца ў Лондане, выглядае на пірацкае выданне, дзе пазначаны толькі год. ↩︎
  4. Вініцкі, Алесь МАТЭРЫЯЛЫ ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ Ў 1939-1951 гадох. Серыя Бібліятэка беларускай дыяспары Выдавсцтва Тэхналогія, Лёс Анджэлес 1968, Менск Тэхналогія 1994. ↩︎
  5. Timothy Garton Ash, „Europa. Eine persönliche Geschichte«, Übersetzt aus dem Englischen von Andreas Wirthensohn. Hanser, 2023. S. 240. ↩︎