
Беларусь, можна сказаць, — краіна руін. На працягу сваёй гісторыі яна не раз была спустошаная і знаходзілася пад уладай чужых дзяржаў, якія мала цікавіліся захаваннем помнікаў яе культуры як маркераў ідэнтычнасці. Ініцыятыва «Архіў VEHA» сабрала гістарычныя фотаздымкі з сямейных архіваў, на якіх людзі пазіруюць на фоне разбураных замкаў, сядзібаў ці цэркваў. Кніга «Руіны Беларусі» (Ruins of Belarus), створаная ў межах гэтага праекта, у маі 2026 года была адзначаная ў Польшчы ў конкурсе «Найпрыгажэйшыя польскія кнігі 2025 года» (Najpiękniejsze Polskie Książki 2025).
Мы паразмаўлялі з куратаркай VEHA Лесяй Пчолкай пра гэты праект і прадстаўляем падборку фотаздымкаў.
дэкодэр: Сама ідэя зрабіць праект, прысвечаны руінам, даволі незвычайная. Чаму яна з’явілася?
Леся Пчолка: «Архіў VEHA», часткай якога я з’яўляюся, выдае кнігі пра візуальную гісторыю Беларусі, працуючы пераважна з сямейнымі фотаархівамі. Мы засяроджваемся на сюжэтах і вобразах, якія паўтараюцца ў архівах розных беларусаў, збіраем тэматычныя калекцыі і даследуем спосабы іх рэпрэзентацыі. Праз наратыўную, тэкставую часткі кніг мы таксама спрабуем суадносіць гістарычны матэрыял з сучасным досведам і працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі сёння.
Ідэя «Руін» абмяркоўвалася нашай камандай яшчэ ў 2021 годзе. Яе прапанаваў мастак Уладзімір Грамовіч, які пазней стаў аўтарам эсэ для кнігі. На той момант гэта была адна з некалькіх магчымых тэм для будучых выданняў. Але тады мы аддалі перавагу праекту «Людзі лесу», даследаванню ўзаемаадносінаў беларусаў з прасторай лесу. Пасля пратэстаў 2020 года, калі гарадская прастора Беларусі стала значна больш кантраляванай, лес набыў дадатковае значэнне як прастора адасаблення і адноснай свабоды. Тэма лесу таксама апынулася звязанай з іншымі актуальнымі падзеямі і гістарычнымі пластамі, ад памяці пра партызанскі рух да крызісу, які пачаўся вясной 2021 года на польска-беларускай мяжы.
У канцы 2023 года мы пачалі збіраць матэрыял для праекта «Руіны Беларусі». Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне мы сумняваліся, ці браць тэму, бо лічылі, што такі фокус ад беларусаў можа быць успрыняты неадназначна і выклікаць негатыўную рэакцыю. У нас былі асцярогі. Аднак, нягледзячы на адсутнасць адкрытых ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, мы назіралі, як ідзе руйнаванне нацыянальных інстытутаў. Як паступова змяняецца культурнае асяроддзе краіны: пад ціскам аказваліся культурныя ініцыятывы, месцы памяці, гістарычныя наратывы і само іх права на захаванне. Важным стала таксама прагавораванне пытанняў тэрыторыі, межаў, таго, як змяняецца ўспрыманне ўласнай прасторы. Таму мы вырашылі не адкладаць тэму і пачалі працу над кнігай.
«Руіны Беларусі» сталі па выніку не фотакнігай, а дакументам, калі хочаце, — даведнікам пра працэсы трансфармацыі культурнага ландшафту Беларусі. Пра войны, страты, знікненне і змяненне месцаў памяці, а таксама пра тое, як гэтыя працэсы ўплывалі на ўспрыманне культурнай і гістарычнай прасторы. У шырэйшым сэнсе праект даследуе трансфармацыю аб’ектаў і месцаў памяці і тое, як фарміруецца ўяўленне беларусаў пра ўласную гісторыю і культуру.
— Падчас падарожжаў па Беларусі шмат дзе бачыш руіны палацаў і іншых гістарычных будынкаў. Што гэта кажа пра асаблівасці мінулага і культуры краіны?
— Занядбанасць гістарычнай спадчыны ў Беларусі — гэта не толькі вынік недахопу рэсурсаў. Часта сама спадчына не ўспрымаецца як прыярытэт, а некаторыя яе пласты аказваюцца нязручнымі ці могуць супярэчыць афіцыйнаму дзяржаўнаму наратыву. Каб зразумець гэта, важна ўлічваць гістарычны кантэкст. Для беларускага грамадства сама памяць доўгі час была звязаная з небяспекай. Войны, савецкія рэпрэсіі, змена межаў і палітычных рэжымаў прывялі да таго, што пра многія падзеі людзі не расказвалі нават сваім дзецям. Перадача памяці магла несці ў сабе рызыку: веданне пра мінулае, гісторыю сям’і або сувязь з пэўнымі падзеямі магло стаць падставай для пераследу і рэпрэсій. У пэўным сэнсе падобныя працэсы працягваюцца і сёння. Так, некалькі пакаленняў не маюць магчымасці свабодна гаварыць пра сваю гісторыю або вымушаныя пакінуць краіну. Паступова слабее сувязь з канкрэтным месцам і адчуванне прыналежнасці да яго. Руіны становяцца проста руінамі, без кантэксту. Як і ва ўсіх тэмах пра Беларусь, няма адназначных, простых адказаў.
У апошнія дзесяцігоддзі шмат што ў справе захавання архітэктурнай спадчыны рабілася дзякуючы ініцыятывам валанцёраў і мясцовых актывістаў. Існавалі нават дзяржаўныя праграмы, напрыклад «Замкі Беларусі». Аднак падыходы да захавання спадчыны і вынікі часам выклікаюць пытанні. Акрамя найбольш вядомых аб’ектаў, існуе вялікая колькасць сядзіб, жылых дамоў, прамысловых будынкаў і іншых гістарычных месцаў, якія паступова знікаюць. Узнікае пытанне: якая гісторыя лічыцца вартай захавання, а якая застаецца па-за полем увагі? Часам такія гістарычныя аб’екты набываюць актывісты, якія спрабуюць іх аднавіць. Такая праца патрабуе значных рэсурсаў і адбываецца ва ўмовах жорсткага рэгулявання. Зямля і нерухомасць на ёй застаюцца пад поўным дзяржаўным кантролем, бо няма права асабістай зямельнай уласнасці. Гэта таксама ўплывае на магчымасці доўгатэрміновага планавання ў адносінах не толькі да гістарычных аб’ектаў, але агулам да нерухомасці.
— Людзям не дазваляецца валодаць зямлёй, але дзяржава патрабуе клапаціцца пра яе?
— Уласнікі дамоў сёння сутыкаюцца са шматлікімі патрабаваннямі да ўтрымання нерухомасці і прысядзібнай тэрыторыі. Занядбаны стан участка каля дома становіцца падставай для штрафаў ці нават для арышту нерухомасці, яе зносу або продажы праз аўкцыён. Пры гэтым такія механізмы асабліва ўразліва ўплываюць на людзей, якія па розных прычынах, у тым ліку ўзроставых, не могуць асабіста даглядаць сваю маёмасць. Каб лепш уявіць маштаб кантролю, нават непакошаная трава вышэй за 20 сантыметраў гэта падстава для адміністрацыйных мер. Асабліва востра гэтая праблема паўстае сёння, калі многія беларусы знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. Чалавек можа пакінуць краіну, а яго дом, а значыць месца, звязанае з гісторыяй сям’і і асабістай памяццю, за гэты час можа прымусова змяніць уладальніка ці быць знесены. Паводле апошніх дадзеных, кожны дзясяты аб’ект нерухомасці ў Беларусі набываюць грамадзяне Расеі. Для нас гэта не абстрактнае пытанне захавання архітэктурнай спадчыны, а частка значна больш шырокай праблемы, магчымасці чалавека захоўваць сувязь з уласнай гісторыяй. Таму «Руіны Беларусі» гэта таксама гісторыя пра разарваную або ўскладненую сувязь беларусаў з месцам і памяццю, пра тое, што адбываецца і сёння.
— Як вы збіралі фотаздымкі для кнігі?
— Спачатку анлайн, праз open call, атрымліваючы лічбавыя копіі з асабістых і прыватных архіваў. Гэты матэрыял заклаў аснову і вызначыў аб’екты, з якімі мы далей працавалі. Нам важна, каб на фотаздымках былі не проста людзі каля руін, а людзі, якія свядома пазіруюць на іх фоне. Мы не ставілі перад сабой задачу сабраць усе найбольш вядомыя гістарычныя аб’екты Беларусі, выбар фарміраваўся паступова, у залежнасці ад матэрыялу. Агулам у нашых праектах мы не проста сістэматызуем наяўны матэрыял. Гэта даследаванне, якое развіваецца ў працэсе, з гібкімі патрабаваннямі. У пэўнай ступені мы раздзяляем аўтарства з нашай аўдыторыяй.
Напрыклад, асобнай часткай праекту стала апісанне аб’ектаў на фота. Спачатку мы публікавалі ў Інстаграме фатаграфіі з кароткімі подпісамі і статусам, напрыклад «страчаны аб’ект», і атрымлівалі пытанні ад аўдыторыі: што менавіта адбылося, калі і чаму будынак быў знішчаны? Тады мая каляжанка Ася Хмыз, якая займаецца каталагізацыяй у архіве VEHA, прапанавала дапоўніць фота паўнавартаснымі гісторыямі аб’ектаў. Яна правяла даследванне і стварыла корпус тэкстаў пра гісторыю архітэктуры аб’ектаў на здымках з перспектывы беларускай гісторыі. Значная частка даступных зараз матэрыялаў напісаная з расійскай, польскай або савецкай перспектывы. Таму «Руіны» гэта не толькі фотакніга, але і своеасаблівы даведнік па беларускай архітэктурнай спадчыне і гісторыі на трох мовах — беларускай, англійскай і польскай.
Кніга падзелена паводле шасці абласцей Беларусі. Пры адборы мы імкнуліся паказаць разнастайнасць спадчыны: у выданні ёсць замкі, касцёлы, сінагогі, мячэць, адміністрацыйныя і іншыя гістарычныя будынкі. Гэта толькі першы том. Мы плануем наступнае выданне і працягваем збіраць матэрыялы. Асабліва мы зацікаўленыя ў фотаздымках сярэдзіны ХХ стагоддзя і перыяду нямецкай акупацыі, будзем радыя любым матэрыялам з асабістых архіваў. Для нас важна, каб гэты збор заставаўся адкрытым для ўсіх, хто хоча дапамагчы захаваць візуальную гісторыю Беларусі.
— Якой была рэакцыя на ваш праект?
— У беларускім культурным асяроддзі сёння вельмі не хапае медыя і пляцовак, якія маглі б рэгулярна і грунтоўна пісаць пра новыя культурныя праекты, рабіць рэцэнзіі, прапаноўваць крытычны погляд. Часцей за ўсё рэакцыя абмяжоўваецца лайкамі, кароткімі анонсамі або згадкамі ў нешматлікіх незалежных медыя, але без падрабязнага аналізу, крытыкі ці дыскусіі. Таму пакуль мы ведаем рэакцыю пераважна з кропкавых, асабістых водгукаў, ад сяброў, калег, людзей, якія адзначаюць нас у Інстаграме. І гэта, вядома, важна для нас, але не дае магчымасці ўбачыць больш шырокую карціну.
Пры гэтым вельмі прыемна, што праект атрымлівае прызнанне па-за межамі Беларусі. Кніга VEHA «Руіны Беларусі» была адзначаная на конкурсе Najpiękniejsze Polskie Książki — адным з найстарэйшых конкурсаў кніжнага дызайну ў Польшчы. Таксама яна трапіла ў шорт-ліст прэміі Nagroda Główna im. Krzyśka Makowskiego і была прадстаўлена сёлета на Fotofestiwal у Лодзі. Зараз кніга прадстаўлена на выставах у MSN (Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве) і ў Instytut Fotografii Fort, прасторы, прысвечанай сучаснай фатаграфіі. Наперадзе яшчэ шэраг іншых выстаў. І ўсё гэта адбылося менш чым за паўгода пасля выхаду кнігі. Для нас гэта не толькі ўзнагароды і прафесійнае прызнанне, але і маральная падтрымка. А яшчэ — знак таго, што гісторыя, якую мы спрабуем расказаць, можа быць пачутая і зразуметая ў больш шырокім, міжнародным кантэксце.

1962 г., Астроўскі, Свіслацкі р-н, Гродзенская вобл. Зінаіда Аляксееўна Карабко на фоне разбуранай капліцы, канчаткова зруйнавай у 1965 г. для пабудовы стадыёна пры Палонкаўскай школе. Фатограф Ўладзімір Карабко. Перадаў Аляксей Патапенка. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1916 г., Гарадзішча, Баранавіцкі р-н, Брэсцкая вобл. Руіны горада, далей бачная Троіцкая царква (пабудаваная як касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай, у 1863 г. перададзены праваслаўнай царкве, пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны, у польскі час вернуты каталікам, у савецкі час быў складам, захаваўся і дзейнічае як касцёл). Перадаў Яўген Мшар. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1975 г., Брэст. Турыст на руінах Белага палацў у Брэсцкай крэпасці (моцна пацярпела ў Першую і Другую сусветныя войны, з 1971 г. месціць музейны комплекс з часткова закансерваванымі рэшткамі крэпасці). Перадаў Расціслаў. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive


Злева: 1950-1951 гг., Гарадзішча, Баранавіцкі р-н, Брэсцкая вобл. Група жанчын перад брамай касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай. З правага боку стаіць Галіна Міхайлаўна Сіманчык, з левага боку сядзіць Ганна Герасімаўна Жак, па мужу Севертока. (Касцёл захаваўся, брама зруйнаваная). Перадала Ала Жак. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive
Права: 1950-ыя-1960-ыя гг., Брэст. Моладзь у Кобрынскіх умацаваннях Брэсцкай крэпасці. Перадаў Яўген Мшар. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1960-я гг., Брэст. Зінаіда, Віктар і Генадзь Беразоўскія на руінах Брэсцкай крэпасці (моцна пацярпела ў Першую і Другую сусветныя войны, з 1971 г. месціць музейны комплекс з часткова закансерваванымі рэшткамі крэпасці). Перадала Дзіяна Пінчук. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1941-1944 гг., Віцебск. Чыгуначны вакзал (разбураны падчас Другой сусветнай вайны). Перадаў Уладзімір Грамовіч. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1941 г., Віцебск. Касцёл св. Антонія ад вуліцы Фрунзэ (касцёл знесены савецкімі урадамі ў 1961 г.). Перадаў Уладзімір Грамовіч. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1915-1917 гг., Паставы, Віцебская вобл. Малады чалавек на руінах Мікалаеўскага паляўнічага палацыка, дзе месцілася Школа парфорснага палявання — палявое аддзяленне Санкт-Пецярбургскай Вышэйшай афіцэрскай кавалерыйскай школы (палацык пацярпеў падчас баёў Першай сусветнай вайны, страчаны). Перадаў Кастусь Шыталь. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1941 г., Рагачоў, Гомельская вобл. Царква Святога Аляксандра Неўскага (пашкоджаная ад артылерэйскага агню, канчаткова cтрачаная пасля 1944 г.). Перадаў Уладзімір Грамовіч. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive


1971 г., Гродна. Аўтапартрэт у руінах Старога замка. Фатографка Наталля Дораш. Перадала Наталля Дораш. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

Сярэдзіна 1980-х гг., Мір, Карэліцкі р-н, Гродзенская вобл. Мірскі замак (захаваўся). Фатограф Сяргей Афанасенка. Перадаў Зміцер Афанасенка. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1 сакавіка 1987 г., Навагрудак, Гродзенская вобл. Группа людзей перад касцёлам св. Міхаіла (зачынены савецкімі ўладамі ў 1948 г., месціў мэблевы склад, з 1980-х гадоў адбудоўваўся, зараз дзейны). Перадаў Сяргей Плыткевіч. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive


Злева: 1940-я гг., Любча, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл. Група маладых жанчын перад уезднай брамай Любчанскага замку (моцна пацярпеў падчас Першай і Другой сусветных вайнаў,часткова захаваўся, з 2003 г. знаходзіцца ў стане адбудовы пераважна сіламі валанцёраў). Перадаў Мікалай Грабёнкін. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive
Права: Навагрудак, Гродзенская вобл. Руіны вежа Шчытоўка ў Навагрудскім замку (захаваўся ў зруйнаваным стане). Перадаў Яўген Мшар. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1985-1990 гг., Слонім, Гродзенская вобл. Будынак зачыненай Вялікай сінагогі і яе прыбудоў, дзе размешчаныя крамы. Перадаў Алекс Алеан. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive


Злева: Крэва, Смаргонскі р-н, Гродзенская вобл. Крэўскі замак (прыйшоў у заняпад у канцы 18 ст., моцна пацярпеў у Першай сусветнай вайне праз артылерэйскі агонь, у 1929 г. была праведзеная частковая кансервацыя, з 2004 г. валанцёры працягвалі працу па кансервацыі, з 2016 г. часткова фінансуецца на кошт дзяржаўнага бюджэта, знаходзіцца ў працэсе кансервацыі і частковай рэстаўрацыі). Фатограф Юры Васільеў. Перадаў Генадзь Дубатоўка. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive
Права: 1966 г., Магілёў. Студэнты будаўнічага тэхнікума падчас геадэзічнай практыкі на фоне сабора св. Мікалая (зачынены ў 1934 г., выкарыстоўваўся як перасыльная турма, потым як кніжная база, зноў дзейнічае пасля 1991 г.). Перадаў Яфім Чарнаглаз. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive


Злева: 2 траўня 1956 г., Магілёў. Міла Якубоўская з сяброўкай на руінах касцёла св. Антонія (зачынены пасля паўстання 1863 г., пертвораны на архіў судовых прысутных месцаў, потым на царкоўна-археалягічны музэй, пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны, руіны знесеныя савецкімі ўладамі ў канцы 1950-х гадоў). Перадала Людміла Грышанава; з сямейнага альбома Л.І. Якубоўскай, фонды царкоўна-архіялагічнага кабінета ДАЦ Магілёўскай епархіі. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive
Права: Каля 1985-га г., а.г. Мір, Карэліцкі р-н, Гродзенская вобл. Вольга Пчолка (у дзявоцтве Ясюк) у Мірскім замку. Перадала Леся Пчолка. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1944 г., Магілёў. Вайскоўцы перад руінамі Богаяўленскай царквы (з 1920-х гадоў месціла цэнтральны архіў БССР, канчаткова знесеная пасля Другой сусветнай вайны). Перадаў Яўген Мшар. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive


Злева: 1990-я гг., Зембін, Барысаўскі р-н, Мінская вобл. Турысты з Барысава на руінах Касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (зачынены савецкімі ўладамі ў 1932 г., паступова разбураўся, у 2022 г. абрынулася сцяна, пасля чаго франтон касцёла быў разабраны). Перадала Леся Пчолка. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive
Права: Каля 1955-га г., Раванічы, Чэрвеньскі р-н, Мінская вобл. Аляксандр Найдовіч з сябрам каля руін касцёла Антонія Падуанскага (захаваўся ў зруйнаваным стане). Перадала Станіслава Найдовіч. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive

1976 г., Рудня, Валожынскі р-н, Мінская вобл. Дачка фатографа перад фоталабораторыяй графа Бенедыкта Тышкевіча у маёнтку Вялае ( будынак застаецца ў зруйнаваным стане). Фатограф Раман Хацяловіч. Перадаў Уладзімір Садоўскі. / © Калекцыя: Руіны Беларусі, VEHA-Archive
