
У другой палове 1990-х гадоў Цімаці Снайдэр пачаў больш інтэнсіўна займацца Беларуссю. Для свайго даследавання «Рэканструкцыя нацый» (2003) ён вывучаў чатырохсотгадовую гісторыю нацыянальнага будаўніцтва ў Польшчы, Украіне, Літве і Беларусі. У сваім міжнародным бестселеры «Крывавыя землі» (2010) амерыканскі гісторык засяродзіў увагу на Беларусі як на рэгіёне, які зазнаў нацысцкі і сталінскі тэрор. З 2020 года ён рэгулярна закранае гісторыю Беларусі і рэжым Лукашэнкі ў лекцыях і эсэ.
Пераклад з англійскай — Аляксей Ластоўскі, дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі.
Гэта частка нашага спец-праекта:: Warum ist Belarus so unsichtbar?
Пачну з таго, што для мяне Беларусь, вядома, не з’яўляецца нябачнай. Я гісторык Усходняй Еўропы, найперш зямель даўняй Рэчы Паспалітай, у якой Беларусь займала цэнтральнае месца. Яна была тэрытарыяльным ядром Вялікага Княства Літоўскага і мае вялікае значэнне для многіх стагоддзяў гісторыі Цэнтральнай Еўропы. Таму для мяне Беларусь — заўважная.
Мяне таксама пытаюцца, як я прыйшоў да зацікаўленасці гісторыяй Беларусі. Таму пачну са свайго інтэлектуальнага шляху.
Пачынаў я як гісторык Польшчы. Мне хацелася зразумець польскую гісторыю па-за бяскрыўднымі клішэ пра Цэнтральную Еўропу ХХ стагоддзя. Гэта прывяло мяне да канфліктаў за Вільню і за Галіцыю, потым да разумення міжваеннай Польшчы, а адтуль да Рэчы Паспалітай.

Рэч Паспалітая мае ўласную годнасць, уласны цэнтр і ўласныя правілы гульні, і гэта непасрэдна вядзе да Беларусі. Спрабуючы зразумець, як з даўняй Рэчы Паспалітай паўстаў шэраг новых нацый, я імкнуўся звяртаць увагу не толькі на яўрэяў, немцаў і расійцаў, але і на чатыры традыцыі, што выйшлі непасрэдна з даўняй Рэчы Паспалітай як нацыянальныя: Літву, Беларусь, Польшчу і Украіну. Хоць гэтыя нацыі маюць свае асаблівасці, іх яднае структурнае падабенства. Усім чатыром сучасным нацыям давялося так ці інакш пазбыцца агульнай традыцыі, якую яны некалі падзялялі, пераадолець яе. Каб адказаць на галоўнае пытанне, чаму Беларусь такая нябачная, я назаву чатыры гістарычныя моманты.
Беларусь у дагістарычны час, ранняй гісторыі і ў Рэчы Паспалітай
Першы момант – гэта наша звычайная заходнееўрапейская траекторыя гісторыі. Думаючы пра мінулае, мы звычайна ідзём знаёмай лініяй: Месапатамія, Грэцыя, Рым, Адраджэнне, а потым даследаванне свету. Мы схільныя не заўважаць земляў Усходняй Еўропы, у тым ліку Польшчы, Украіны, балтыйскіх краін і, мабыць, найбольш Беларусі, хоць яны былі сур’ёзнай і вельмі значнай часткай еўрапейскай гісторыі.
Землі Беларусі адыгрывалі істотную ролю ў вельмі ранняй еўрапейскай гісторыі, у тым ліку ў дагістарычны час. Яны былі часткай такіх працэсаў, як глабалізацыя эпохі вікінгаў, развіццё адметных формаў усходнееўрапейскага хрысціянства, сустрэчы качавых народаў з аселымі земляробчымі. Такім чынам, мой першы тэзіс: хоць землі Беларусі надзвычай важныя для еўрапейскай гісторыі, іх часта выдаляюць са стандартнага гістарычнага наратыву.
Падзелы Рэчы Паспалітай і лёс Беларусі ў Расійскай імперыі
Калі вы паляк, вы звычайна думаеце пра падзелы як пра вельмі дрэнную рэч. Аднак, як ні парадаксальна, у адным сэнсе падзел аказаўся карысным для развіцця польскай нацыянальнай культуры. Пасля канца Рэчы Паспалітай Польшча прыкладна 123 гады была падзеленая паміж трыма дзяржавамі: нямецкай, аўстрыйскай і Расійскай імперыяй. Гэта азначала, што Польшчы не было, але таксама і тое, што адзін рэгіён звычайна быў менш неліберальны за астатнія. Заўсёды заставалася магчымасць для пэўнай камунікацыі і абмену.
Тое самае было з Украінай. Украіна была падзеленая паміж Расійскай імперыяй і Габсбургскай манархіяй. Падзел быў жахлівай рэччу, але ён таксама азначаў, што галіцкая частка пад аўстрыйцамі прыкладна сорак гадоў была значна больш ліберальнай за падрасійскую. Дзякуючы гэтаму энергія з расійскай часткі магла перацякаць у аўстрыйскую і развіваць там неабходныя ўкраінскія нацыянальныя ідэі.
Беларусь, у адрозненне ад Польшчы і Украіны, цалкам знаходзілася ў межах Расійскай імперыі. Гэта азначала значна менш магчымасцяў для такога ўзаемаўзбагачэння паміж рознымі імперскімі палітыкамі і досведамі. Гэта пашкодзіла развіццю беларускай нацыянальнай справы і мацней звязала Беларусь з Расіяй.
Сталінскі тэрор і разбурэнні Другой сусветнай вайны
Трэці момант, які варта адзначыць, – гэта наступствы Вялікага тэрору ў Савецкім Саюзе. У 1920–1930-я гады землі сучаснай Беларусі былі падзеленыя паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. З польскага боку, хоць там не было таталітарызму, параўнальнага з савецкім, улады ўсё ж закрывалі беларускія школы і ў цэлым варожа ставіліся да беларускай нацыянальнай культуры.
Тым часам з савецкага боку ў 1920-я гады адбывалася часовае культываванне беларускага нацыянальнага адраджэння. Аднак у 1930-я гады на гэтае самае адраджэнне абрынуўся забойчы ўдар. Рэпрэсіі былі такія шырокія, што пасля іх стала вельмі цяжка гаварыць пра беларускую нацыянальную інтэлігенцыю ці нацыянальную культуру. Гэтую трагедыю пагоршыла нямецкае ўварванне ў Савецкі Саюз. Беларусь стала абсалютным цэнтрам смерці і разбурэння ў Еўропе падчас Другой сусветнай вайны.
Нідзе смяротнасць не была вышэйшая. Нідзе не было знішчана больш вёсак. Нідзе гарады не былі спустошаныя больш, чым у Беларусі.
Гэтае спусташэнне стала вынікам Халакосту еўрапейскіх яўрэяў, так званых антыпартызанскіх аперацый і таго, што Беларусь знаходзілася паміж Германіяй з яе акупаванымі тэрыторыямі і Масквой. Спалучэнне сталінскага тэрору і наступнага нацысцкага тэрору знішчыла значную частку беларускай інтэлігенцыі і спустошыла краіну так, як ніводную іншую еўрапейскую. Пасля Другой сусветнай вайны ў Беларусь прыязджалі людзі з усяго Савецкага Саюза. Само па сабе гэта не было дрэнна. Але гэта ўскладніла аднаўленне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры ў такіх умовах. Новае грамадства давялося будаваць на аснове агульнага пасляваеннага досведу, і так сапраўды сталася.
Гэта падводзіць мяне да апошняга пункта.
Мірны пратэст і новая нябачнасць Беларусі
Адна з прычын, чаму Беларусь застаецца нябачнай, у тым, што калі беларусы атрымалі магчымасць супрацьстаяць антыдэмакратычнаму і аўтарытарнаму рэжыму, яны зрабілі гэта паводле дэмакратычных правілаў. Яны пратэставалі мірна. Яны шукалі міжнароднай падтрымкі. На жаль, гэта адбылося ў момант, калі аўтарытарныя рэжымы ўжо навучыліся бязлітасна выкарыстоўваць гвалт і прапаганду. Яны сутыкнуліся таксама з такой гістарычнай кан’юнктурай, калі Расія шукала нагоды для больш непасрэднага панавання над Беларуссю, і такую магчымасць ёй даў Аляксандр Лукашэнка.
Гэта яшчэ адна прычына, чаму Беларусь стала нябачнай. Яе дэмакратычны рух, такі нядаўні і такі натхняльны, быў пры дапамозе фашысцкай Расіі ператвораны ў маўчанне. Беларусь, па сутнасці, пад сумесным дыктатарскім кантролем стала адным з плацдармаў для ўварвання ва Украіну. Гэта таксама спрыяе нябачнасці Беларусі. Навошта думаць пра краіну як пра нешта асобнае, калі большая дзяржава ставіцца да яе проста як да месца, адкуль можна пачаць уварванне?
Такія некаторыя прычыны, чаму Беларусь здаецца нябачнай. Але калі мы іх разумеем, мы бачым таксама, чаму Беларусь цікавая. Беларусь – гэта запрашэнне зразумець еўрапейскую і сусветную гісторыю ў яе старажытным, новым і найноўшым вымярэннях. Гэта дае нам таксама падставу думаць, што Беларусь неўзабаве можа зноў стаць бачнай.